Францішак пра жыццё падчас пандэміі каронавіруса
Пра штодзённасць падчас пандэміі каронавіруса Папа распавёў у інтэрв’ю, якое 8 красавіка 2020 г. апублікавалі адразу некалькі буйных СМІ: брытанскае “The Tablet”, амерыканскія “Commonweal” і “ABC” і італьянскі каталіцкі часопіс “La Civiltà Cattolica”.
Францішак заўважыў, што Рымская курыя ў гэтыя дні намагаецца працягваць працаваць, захоўваючы меры санітарнай бяспекі. У многіх структурах супрацоўнікі або працуюць па чарзе, або з дома, калі для гэтага ёсць магчымасці. “Усе заняты працай, ніхто не адпачывае”, - падкрэсліў ён.
Святы Айцец падзяліўся заклапочанасцю будучыняй пасля пандэміі і тымі цяжкасцямі, з якімі сутыкнуцца людзі. “Я думаю пра маю адказнасць зараз і ў будучыні... Гэта будучыня ўжо пачала выглядаць трагічнай, балючай, таму пра яе трэба думаць ужо зараз...”, - сцвердзіў Францішак.
Папа высока адзначыў прыклад палітычных уладаў, якія, кіруючыся правільнымі прыярытэтамі, прынялі строгія меры для абароны насельніцтва ад пандэміі. Ён выказаў занепакоенасць тым, што часта “ўсе нашы думкі сканцэнтраваны вакол эканомікі”.
“Кожны крызіс з’яўляецца небяспекай, але таксама магчымасцю. Гэта магчымасць выйсці з небяспекі. Я думаю, што мы павінны запаволіць рытм спажывальніцтва і вытворчасці, каб навучыцца разумець і сузіраць прыроду, нанова злучыцца з нашым рэальным асяроддзем. Гэта нагода для навяртання”, - лічыць Папа.
Святы Айцец хоча, каб у перыяд пандэміі Касцёл ставіў на першае месца збаўленне людзей, карыстаючыся свабодай, якую дае Святы Дух, а таксама заклікаў клапаціцца пра самых слабых і неабароненых, у першую чаргу, пра пажылых людзей, асабліва ўразлівых сёння.