Пошук

Cookie Policy
The portal Vatican News uses technical or similar cookies to make navigation easier and guarantee the use of the services. Furthermore, technical and analysis cookies from third parties may be used. If you want to know more click here. By closing this banner you consent to the use of cookies.
I AGREE
Папа Францішак Папа Францішак

Францішак: выбраць шлях Бога, а не ўласнага эга

Няма такога цяжкога пад’ёму і такой ночы, якіх немагчыма было б пераадолець разам з Езусам, - нагадаў Францішак перад малітвай “Regina Coeli”, якая 26 красавіка 2020 г. прайшла ў Ватыкане.

Прапануем поўны пераклад на беларускую мову разважання Святога Айца, якое прагучала з бібліятэкі Апостальскага палаца:

“Сённяшняе Евангелле, актуальнае ў пасхальныя дні, распавядае эпізод пра вучняў з Эмаус (пар. Лк 24,13-35). Гэта гісторыя пачынаецца і завяршаецца ў дарозе. Сапраўды, мы бачым падарожжа вучняў, якія, засмучаныя канцоўкай гісторыі Езуса, пакінулі Ерузалем і вярталіся дамоў, у Эмаус, ідучы каля адзінаццаці кіламетраў. Гэта падарожжа адбывалася днём, а большую частку дарогі складала сыходжанне па схіле ўніз. А потым мы бачым зваротны шлях: іншыя адзінаццаць кіламетраў, але пройдзеныя з надыходам ночы, з добрай часткай дарогі, што ішла ўгару, пасля цяжкога шляху наперад на працягу ўсяго дня.

“Два падарожжы: адно лёгкае – днём, а другое цяжкое – ноччу. Тым не менш першае прайшло ў смутку, а другое – у радасці. Падчас першага падарожжа быў Пан, які крочыў побач з імі, але яны не пазнавалі Яго; а падчас другога – яны больш не бачылі Яго, але адчувалі, што Ён блізка. Падчас першага падарожжа яны былі засмучаныя і не мелі надзеі; падчас другога – беглі, каб прынесці іншым цудоўную навіну пра сустрэчу з Уваскрослым Езусам.”

Два адрозныя шляхі гэтых першых вучняў кажуць нам, сучасным вучням Езуса, што ў жыцці мы маем перад сабой два супрацьлеглыя кірункі: шлях тых, хто паддаецца паралізуючым нас жыццёвым няўдачам і які працягваецца ў смутку, як у двух вучняў па дарозе наперад, і шлях тых, хто не ставіць на першае месца самаго сябе і свае праблемы, але Езуса, які нас адведвае, і братоў, якія чакаюць іх візіту, якія чакаюць, што паклапоцімся пра іх.

“Вось пераломны момант: перастаць рухацца вакол уласнага “я”, расчараванняў мінулага, няспоўненых ідэалаў, і многіх іншых дрэнных рэчаў, якія адбыліся ў нашым жыцці. Трэба пакінуць гэта і крочыць наперад, гледзячы на больш вялікую і сапраўдную рэальнасць жыцця: Езус жывы, Езус любіць мяне.”

Гэта большая рэчаіснасць, у якой можам зрабіць нешта для іншых. Гэта рэчаіснасць сапраўдная, станоўчая, сонечная, прыгожая! Разварот заключаецца ў гэтым: перайсці ад думак пра сваё “я” да рэальнасці майго Бога; іншымі словамі перайсці ад “калі б” да “так”. Што гэта значыць? – Трэба перайсці ад “калі б”: “Калі б Ён вызваліў нас, калі б Бог выслухаў мяне, калі б жыццё ішло так, як хацеў я, калі б я меў тое ці іншае...”, нараканні… Гэтыя “калі б” – непатрэбныя, бясплённыя, не дапамагаюць ні мне, ні іншым. Вось нашыя “калі б”, падобныя на тыя, што мелі два вучні, якія, аднак, перайшлі да “так”: “Так, Пан – жывы, Ён крочыць з намі. Так, цяпер, а не заўтра, мы вырушым зноў у дарогу, каб абвяшчаць Яго. Я магу рабіць гэта, каб рабіць людзей шчаслівымі, лепшымі, каб дапамагаць многім людзям. Так, я магу.

“Перайсці ад “калі б” да “так”, ад нараканняў да радасці і міру, бо калі наракаем, тады не прабываем у радасці, а ў шэрасці, у шэрай атмасферы смутку. Гэта нават перашкаджае добра развівацца. Трэба перайсці ад “калі б” да “так”, ад нараканняў да радасці служэння.”

Якім чынам адбыўся ў вучнях гэты пераход ад “я” да Бога, ад “калі б” да “так”? – Дзякучы сустрэчы з Езусам. Двое з Эмаус спачатку адкрылі Яму свае сэрцы; потым слухалі як Ён тлумачыў Святое Пісанне; а затым запрасілі Яго ў дом. Гэта тры крокі, якія можам зрабіць таксама і мы ў нашых дамах. Першы – адкрыць сэрцы Езусу, даверыць Яму жыццёвыя цяжкасці, складанасці, расчараванні, даверыць Яму нашы “калі б”. Другі крок – слухаць Езуса, узяць у рукі Евангелле, прачытаць сёння той самы ўрывак, у дваццаць чацвёртым раздзеле Евангелля св. Лукі; трэці – маліцца да Езуса тымі ж словамі, якімі маліліся вучні: “Пане, застанься з намі”, з усімі намі, бо патрабуем Цябе, каб знайсці дарогу. Без Цябе – ноч.

Дарагія браты і сёстры, у жыцці мы заўсёды знаходзімся ў дарозе і становімся тым, да чаго крочым. Выбярэм шлях Бога, а не шлях уласнага “я”; шлях “так”, а не “калі б”. Адкрыем, што няма такога непрадбачанага, няма такога пад’ёму, няма такой ночы, якую б немагчыма было пераадолець з Езусам. Няхай Багародзіцца, Маці ў дарозе, якая прымаючы Божае слова ўсім сваім жыццём сказала “так” Богу, указвае нам шлях”.
 

26 красавіка 2020, 12:46
Prev
January 2025
SuMoTuWeThFrSa
   1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031 
Next
February 2025
SuMoTuWeThFrSa
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
232425262728