1586098947455.JPG

Папа напісаў да ўдзельнікаў выстаўлення Турынскай Плашчаніцы

Святы Айцец накіраваў ліст арцыбіскупу Чэзарэ Назілья, які ў Вялікую суботу ўзначаліць набажэнства пазачарговага выстаўлення Турынскай Плашчаніцы.

Малітву, якая пачнецца 11 красавіка 2020 г. у 17.00 па сярэднееўрапейскім часе, будуць трансліраваць ватыканскія СМІ, у тым ліку і ў інтэрнэце.

“Хацеў бы выказаць глыбокую ўдзячнасць за гэты жэст, які з’яўляецца адказам на просьбу вернага Божага народа, моцна пацярпелага ад пандэміі коронавіруса”, - напісаў Францішак.

“Таксама і я далучаюся да вашай малітвы, звяртаючы свой погляд да Чалавека з Плашчаніцы, у якім мы распазнаём рысы Слугі Пана, якога Езус увасобіў у сваёй муцы. (...) У асобе Чалавека мы таксама бачым твары шматлікіх хворых братоў і сясцёр, асабліва тых, хто найбольш адзінокі і пазбаўлены клопату; але і ўсіх ахвяр вайны і гвалту, рабства і пераследу”, - адзначыў Папа.

“Як хрысціяне, у святле Святога Пісання, мы бачым у гэтай Плашчаніцы вобраз Пана Езуса, Які быў укрыжаваны, памёр і ўваскрос з мёртвых. Мы давяраемся і давяраем Яму. Няхай Езус дае нам сілы супрацьстаяць кожнаму выпрабаванню з верай, надзеяй і любоўю, захоўваючы перакананне, што Айцец заўсёды слухае сваіх дзяцей, якія клічуць Яго, і ратуе іх”, - гаворыцца ў папскім пасланні.

Францішак заклікаў “жыць у гэтыя дні ва ўнутраным саюзе з мукаю Хрыста, каб спазнаць ласку і радасць Яго ўваскрасення”. Ён благаславіў удзельнікаў турынскага набажэнства, асабліва хворых і пакутуючых, і тых, хто іх даглядае.

10 красавіка 2020, 15:58