Пошук

Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі

Святы Айцец: сапраўдныя рысы Бога сталі бачныя на крыжы

Каб вызваліцца ад забабонаў адносна Бога, трэба ўгледзецца ў распяцце. Сапраўдная тоеснасць Езуса стала бачная на крыжы, - падкрэсліў Пантыфік.

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 8 красавіка 2020 г. у форме відэатрансляцыі з Ватыкана, Святы Айцец заўважыў, што ў гэтыя трывожныя па прычыне пандэміі тыдні сярод пытанняў, якія задаём, могуць быць і пытанні пра Бога: што Ён робіць перад абліччам нашых пакут; дзе Ён, калі ўсё кепска; чаму не вырашыць нашых праблем хутка?

“Тут нам дапаможа апавяданне пра Муку Езуса, якое суправаджае нас у гэтыя святыя дні”, - зазначыў Папа. Ён нагадаў, што народ чакаў магутнага Месію, Які вызваліць яго ад ворагаў, з мячом і трыумфам. Але прыйшоў ціхі і пакорны сэрцам, заклікаючы да пакаяння і міласэрнасці. Натоўп, які спачатку радасна вітаў Яго, закрычаў: “Няхай будзе ўкрыжаваны!”.

“Тыя, хто ішоў за Ім, разгубленыя і спалоханыя, пакінулі Яго. Думалі: калі лёс Езуса такі, то Ён не Месія, таму што Бог – моцны і непераможны”

, - заўважыў Папа.

Францішак зазначыў, што апавяданне пра Муку Пана звяртае ўвагу на яшчэ адзін дзіўны факт. Рымскі сотнік, сведка пакут Езуса на крыжы, які чуў, як Ён прабачыў усіх, і які адчуў Яго бязмежную любоў, вызнаў адваротнае таму, што казалі іншыя: “Праўдзіва, Чалавек гэты быў Сынам Божым”.

Папа падкрэсліў, што, шукаючы адказу на пытанні пра сапраўднае аблічча Бога, мы звычайна праецыруем на Яго наш поспех, наша ўспрыманне справядлівасці, наш гнеў.

“Аднак, Евангелле кажа нам, што Бог не такі. Ён – іншы, і мы не можам пазнаць Яго дзякуючы сваім сілам. Таму Ён стаў блізкі нам, выйшаў нам насустрач і менавіта падчас Пасхі адкрыўся канчаткова”

, - заўважыў Пантыфік.

“Дзе ж Ён канчаткова адкрыўся? На крыжы. Тут мы пазнаём рысы Божага аблічча. Не будзем забываць, браты і сёстры, што крыж – гэта кафедра Бога. Нам будзе карысна ў маўчанні скіраваць позірк на распяцце і паглядзець, кім ёсць наш Збаўца: Ён не паказвае пальцам нават на тых, хто яго ўкрыжаваў, але хоча абняць усіх; не прыгнятае нас сваёй хвалой, але адракаецца ад усяго дзеля нас; любіць нас не на словах, але моўчкі дае нам жыццё; не прымушае нас, а вызваляе; не адносіцца да нас як да чужых, але бярэ на сябе наша зло, бярэ на сябе нашы грахі. Таму, каб вызваліцца ад забабонаў адносна Бога, будзем глядзець на распяцце. А потым адкрыем Евангелле. У гэтыя дні, калі ўсе знаходзяцца на каранціне дома, ізаляваныя, возьмем у рукі гэтыя дзве рэчы: будзем глядзець на распяцце і разгорнем Евангелле. Гэта будзе для нас, скажам так, хатняя літургія, бо ў бліжэйшыя дні мы не можам пайсці ў касцёл. Распяцце і Евангелле!”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў, што калі пасля памнажэння хлябоў народ прыйшоў да Хрыста, каб зрабіць Яго каралём, Ён аддаліўся. А калі нячыстыя духі хацелі адкрыць Яго Боскую веліч, загадаў ім змоўкнуць. “Чаму? Таму што Езус не хацеў, каб Яго кепска зразумелі, не хацеў, каб народ пераблытаў сапраўднага Бога, які з’яўляецца пакорнай любоўю, з богам фальшывым, богам гэтага свету, які робіць відовішчы і навязвае сябе сілай”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Папа зазначыў, што сапраўдная тоеснасць Езуса была ўрачыста абвешчана рымскім сотнікам, які сказаў, што Езус “праўдзіва быў Сынам Божым”. Гэта адбылося “адразу пасля таго, як Езус аддаў жыццё на крыжы, таму што ўжо не магчыма было памыліцца: стала відавочным, што Бог – усемагутны ў любові, а не ў нечым іншым. Гэта Яго прырода, Ён такі. Ён – Любоў”, - сказаў Пантыфік.

Францішак нагадаў, што зямная магутнасць прамінае, а любоў застаецца. Менавіта Божая любоў падчас Пасхі вылечыла наш грэх сваім прабачэннем, учыніла са смерці пераход да жыцця, змяніла наш страх на давер, нашу трывогу на надзею.

“Пасха кажа нам, што Бог можа ўсё ператварыць у дабро, што з Ім можам па-сапраўднаму мець давер, што ўсё будзе добра. Вось чаму ў пасхальную нядзелю нам было сказана: “Не бойцеся!”. Трывожныя пытанні аб зле не знікаюць раптоўна, але знаходзяць ва Уваскрослым моцны фундамент, які дазваляе нам не патануць”

, - падкрэсліў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што, ахвяраваўшы сваім жыццём на крыжы, Езус перамог і нашу смерць. “З адкрытага сэрца Укрыжаванага Божая любоў дасягае кожнага з нас. Мы можам змяніць нашу гісторыю, наблізіўшыся да Яго, прыняўшы збаўленне, якое нам дае. Адкрыем Яму ў малітве ўсю душу. (…) Дазволім, каб Яго погляд спачыў на нас. Тады зразумеем, што мы не самотныя, нас любяць, таму што Бог нас не пакідае і не забывае ніколі. З гэтымі думкамі жадаю вам святога Вялікага тыдня і святой Пасхі”, - сказаў Папа на заканчэнне катэхезы.
 

08 красавіка 2020, 13:51