Пошук

1586552889072.jpg

Святы Айцец узначаліў Via Crucis у Ватыкане

Крыжовы шлях на пустыннай плошчы св. Пятра прайшоў вечарам 10 красавіка 2020 г. Цішыню на ёй пранізвала толькі малітва Папы і разважанні “укрыжаваных” нашага часу.

Сёлета, па прычыне пандэміі каронавіруса, традыцыйная Via Crucis у Вялікую пятніцу ўпершыню адбылася не ў рымскім Калізеі – месцы, прысвечаным памяці хрысціянскіх мучанікаў, – а на ватыканскай плошчы. Шлях, уздоўж якога ішла працэсія з крыжам, быў пазначаны святлом сотняў лампад, што ззялі нібыта зерні надзеі пасярод цемры той сітуацыі, у якой апынуўся свет.

Ля дзядзінца базылікі быў устаноўлены старажытны драўляны круцыфікс з рымскага касцёла Сан-Марчэла-аль-Корса, перад якім у гэтыя дні ўзносяцца малітвы аб заканчэнні пандэміі, як у далёкім XVI стагоддзі аб спыненні “Вялікай чумы”.

Пра надзвычайнае эпідэміялагічнае становішча нагадвалі ватыканскія медыкі, якія неслі крыж ад імя ўсіх медыцынскіх работнікаў, што ўзялі на сябе галоўны цяжар барацьбы з каронавірусам. Побач з імі былі вязні падуанскай турмы “Due Palazzi”, супрацоўнікі гэтай пенітэнцыярнай структуры і яе капелан.

Падчас кожнай стацыі гучала евангельскае апавяданне пра пакуты Хрыста. Яно дапаўнялася сведчаннем людзей, якія асабіста спазналі зло, што нясе злачынства – як тым, хто стаў яго ахвярай, так і тым, хто яго ўчыніў. Сярод аўтараў тэкстаў былі пяцёра зняволеных, сям’я, якая пацярпела ад забойства, дачка асуджанага на пажыццёвае зняволенне, турэмная выхавальніца, суддзя, маці вязня, катэхізатар, манах-валанцёр, турэмны паліцэйскі, а таксама святар, абвінавачаны і апраўданы пасля васьмі гадоў судовых працэсаў.

У сведчаннях адчуваліся слёзы, пакаянне, пакуты, учыненыя іншым, сабе і сваім сем’ям, але таксама і вялікае здзіўленне ад сустрэчы з бязмежнай любоўю і міласэрнасцю Хрыста. Як напісаў адзін забойца, “гэты нявінны Чалавек, асуджаны як і я, прыйшоў, каб адшукаць мяне ў турме і навучыць мяне жыццю”.

Падчас апошняй стацыі крыж у свае рукі ўзяў Святы Айцец. Ён не прамаўляў малітву на завяршэнне набажэнства ў голас, як рабіў у мінулыя гады, але ўзнёс яе ў маўчанні, пасля чаго ўдзяліў благаслаўленне мільёнам вернікаў, якія сачылі за набажэнствам з дапамогай СМІ.
 

11 красавіка 2020, 12:16