Пошук

MESSA-SANTA-MARTA-01-05-2020.00_29_43_03.Immagine001.jpg

Францішак маліўся да св. Юзафа за людзей працы

Маліцца, каб усе людзі маглі годна працаваць, зарабляць і адпачываць, - заклікаў Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане 1 мая 2020 г., ва ўспамін св. Юзафа, рамесніка.

“Памолімся за ўсіх работнікаў. За ўсіх. Каб ніводзін чалавек не заставаўся без працы і каб усе атрымлівалі справядлівую плату і маглі цешыцца годнасцю працы і прыгажосцю адпачынку”, - заахвоціў вернікаў Святы Айцец на пачатку св. Імшы.

З нагоды свята ў капліцы Дома св. Марты, дзе па традыцыі адбывалася літургія, была змешчана скульптура Абранніка Дзевы Марыі, заступніка ўсіх людзей працы, дастаўленая ў Ватыкан супрацоўнікамі Хрысціянскіх асацыяцый італьянскіх работнікаў (АСLI).

Фігура вышынёй амаль у 1,5 м, выкананая скульптарам Энрыка Нэлем Брэйнінгам, мае багатую гісторыю і цесна звязана з узгаданай арганізацыяй. Упершыню яе члены прывозілі скульптуру св. Юзафа, рамесніка, у базыліку св. Пятра ў 1956 г., падчас пантыфікату папы Пія XII. 64 гады таму хрысціяне прасілі св. Юзафа аб дапамозе ў аднаўленні пасляваеннай Італіі і іншых частак свету.

У той далёкі год, 1 мая, фігуру св. Юзафа асвяціў тагачасны арцыбіскуп Мілана Джавані Батыста Манціні, а ўжо 2 мая яе на верталёце даставілі ў Ватыкан, дзе папа Пій XII благаславіў яе падчас аўдыенцыі для супрацоўнікаў Хрысціянскіх асацыяцый работнікаў. Усе гэтыя падзеі адбываліся роўна праз год пасля таго, як у 1955 г. Пій XII афіцыйна аб’явіў 1 мая днём урачыстага літургічнага ўспаміну св. Юзафа, рамесніка.


На працягу некалькіх апошніх дзесяцігоддзяў скульптура захоўваецца ў рымскай сядзібе Асацыяцыі і пакідала яе сцены толькі двойчы: 1 мая 2005 г., з нагоды 60-годдзя Асацыяцыі, яе тагачасны старшыня Луіджы Боба прынёс статую на плошчу св. Пятра на сумесную з Бэнэдыктам XVI малітву “Уладарка неба”; 23 мая 2015 г. скульптуру св. Юзафа ў працэсіі даставілі ў Ватыкан на аўдыенцыю для супрацоўнікаў Асацыяцыі з папам Францішкам.

У гэтым годзе, калі чалавецтва, якое стаіць перад выклікам пераадолення наступстваў пандэміі, асабліва моцна адчувае патрэбу ў заступніцтве Абранніка Найсвяцейшай Дзевы Марыі, статуя св. Юзафа зноў апынулася ў Ватыкане.

Як адзначыў Рабэрта Расіні, нацыянальны старшыня Хрысціянскіх асацыяцый італьянскіх работнікаў, сувязь з мінулым і памяць пра шматлікія выклікі, з якімі сутыкаўся свет працы ў мінулым, падштурхоўвае рабіць усё магчымае, каб сёння “ніводзін работнік не застаўся без правоў і каб праца была свабоднай, творчай, заснаванай на залучэнні і падтрымцы”.

01 мая 2020, 13:02