Францішак і Тавадрас ІІ абмеркавалі сітуацыю з пандэміяй
Пантыфік выказаў пашану ўсяму егіпецкаму народу. Прадстаяцелі падкрэслілі, што “асабліва ў гэтыя складаныя дні неабходна імкнуцца да міру на зямлі”. Яны запэўнілі адзін аднаго ў малітве аб Божай міласэрнасці для свету, Цэркваў і ўсіх вернікаў.
Францішак і Тавадрас ІІ выказалі намер далучыцца да Дня малітвы і посту, падчас якога вызнаўцы розных рэлігій звернуцца да Бога, просячы аб ратаванні чалавецтва і дапамозе перад абліччам пандэміі, аб вяртанні бяспекі, стабільнасці, здароўя і развіцця, аб больш гуманным і братэрскім свеце. Малітоўная акцыя пройдзе 14 мая 2020 г. па ініцыятыве Камітэта па рэалізацыі мэт “Дэкларацыі аб братэрстве паміж людзьмі, міры ў свеце і агульным суіснаванні”.
10 мая – важная дата ў экуменічных адносінах паміж Каталіцкім Касцёлам і Копцкай Праваслаўнай Царквой. У гэты дзень у 1973 г. Папа ўпершыню ў гісторыі сустрэўся з копцкім Патрыярхам. Традыцыя супольнага ўспаміну сустрэчы Паўла VI і Шэнуды ІІІ умацавалася пасля таго, як 10 мая 2013 г. Францішак упершыню прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане Патрыярха Тавадраса ІІ.