Пантыфік: культура гасціннасці ў аснове еўрапейскай цывілізацыі
Папа заўважыў, што пазнаёміўся са штогадовай справаздачай дабрачыннага цэнтра, у якой прадстаўлена падрабязная інфармацыя аб яе дзейнасці, а таксама дадзеныя адносна колькасці мігрантаў, якім была аказана дапамога на працягу 2019 г.
“Хачу выказаць маю шчырую ўдзячнасць Вам, супрацоўнікам і валанцёрам, за адвагу, з якой вы адказваеце на “выклік” міграцыі, асабліва ў гэты далікатны для права на прытулак перыяд, таму што тысячы людзей уцякаюць ад вайны, пераследу і цяжкага гуманітарнага крызісу. Няхай ваш прыклад па-новаму абудзіць у грамадстве прагу будавання сапраўднай культуры гасціннасці і салідарнасці”, - падкрэсліў Францішак.
Пантыфік скіраваў свае думкі таксама да мігрантаў, якіх прымаюць у дабрачынным цэнтры з братэрскай любоўю. “Я блізкі да ўсіх духоўна ў малітве і любові. Заклікаю мець давер і надзею на свет міру, справядлівасці і братэрства паміж народамі”, - дадаў ён.
Святы Айцец выказаў падтрымку дзейнасці езуіцкай структуры і ўсім, хто з ёй супрацоўнічае з “мудрай адкрытасцю на складаны міграцыйны феномен, спрыяючы аказанню належнай падтрымкі і даючы сведчанне аб тых чалавечых і хрысціянскіх каштоўнасцях, якія знаходзяцца ў аснове еўрапейскай цывілізацыі”.
Паводле справаздачы “Centro Astalli”, на працягу 2019 г. гэта дабрачынная служба аказала дапамогу 20 тыс. мігрантаў, палове якіх – у Рыме. У дакуменце адзначаецца, што цяперашнія строгія меры і закрытасць у сферы міграцыйнай палітыкі, якія нярэдка носяць дыскрымінацыйны характар, садзейнічаюць неабароненасці чалавечага жыцця, адчужэнню, адсутнасці законнасці, а гэта вядзе да аслаблення ўсяго грамадства.
Францішак наведваў сядзібу “Centro Astalli” на самым пачатку свайго пантыфікату – 10 верасня 2013 г.