Папа да Місійных ініцыятыў: несці палёгку ў чалавечае жыццё
Зварот Францішка прымеркаваны да штогадовай Генеральнай асамлеі структуры, запланаванай на гэтыя дні ў Рыме і адтэрмінаванай з прычыны пандэміі каронавіруса.
У сваім пасланні Папа нагадаў, што прапаведаванне Евангелля не мае нічога агульнага з палітычным, культурным, псіхалагічным ці рэлігійным празелітызмам. Місія – гэта дар Духа Святога, які не можа быць даручаны “спецыяльным вучэбным курсам” ці “касцёльным структурам”, якія “здаюцца паглынутымі назойлівай ідэяй прасоўваць сябе і свае ініцыятывы”.
Адметныя рысы місіі – гэта яе прывабнасць, удзячнасць і дармовасць, пакора і нясенне палёгкі ў чалавечае жыццё. Сапраўдная місія, заўважыў Пантыфік, не дадае “дарэмных цяжараў” і без таго нялёгкаму жыццю людзей і не навязвае “мудрагелістых і цяжкіх фармацыйных шляхоў, каб цешыцца з таго, што Пан даруе з лёгкасцю”. Нарэшце, місію адрознівае блізкасць да аўтэнтычнага жыцця, набліжэнне да людзей там, дзе яны ёсць і ў тых умовах, у якіх яны знаходзяцца, а таксама sensus fidei народу Божага ў пытаннях веры і прыярытэтнасць малых і бедных.
Францішак перасцярог супрацоўнікаў Місійных ініцыятыў ад засяроджанасці на сабе і самарэкламе; ад прагі ўлады і прэтэнзіі на кантроль над супольнасцямі замест служэння ім; ад пачуцця элітарнасці і аднясення сябе да “вышэйшага класу спецыялістаў”; ад адасаблення ад народу і яго ўспрыняцця як “інертнай масы, якую трэба пастаянна рэаніміраваць і мабілізаваць”, нібыта “моц веры – гэта вынік пераканаўчага выступленя ці метадаў выхавання”; нарэшце, ад абстракнасці і функцыяналізму, якія вынікаюць з тэндэнцыі імітаваць “мірскія мадэлі эфектыўнасці”.
Францішак заклікаў Папскія місійныя ініцыятывы захоўваць сувязь на ўсіх узроўнях, ніколі не абмяжоўваючы сябе выключна бюракратычна-прафесійным вымярэннем, і выконваць сваё служэнне настолькі добра, “нібы ўсё залежыць ад іх, ведаючы, аднак, што насамрэч усё залежыць ад Бога”.