Папа: хрысціянства пазбавіла адносіны з Богам “феадальнасці”
Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 13 мая 2020 г. прайшла ў форме відэатрансляцыі з Ватыкана, Францішак працягнуў цыкл катэхез, прысвечаных малітве. Ён заўважыў, што “малітва нараджаецца ў глыбіні”, у тым месцы, “якое духоўныя аўтары называюць “сэрцам”.
“Малітва, такім чынам, гэта не штосьці перыферыйнае ў нас, не нейкі наш другасны і маргінальны дадатак, але наша самая глыбокая таямніца. Моляцца эмоцыі, але нельга сказаць, што малітва гэта толькі эмоцыі. Моліцца розум, але малітва – гэта не толькі справа інтэлекту. Моліцца цела, але можна размаўляць з Богам нават у стане самай цяжкай няпоўнаспраўнасці. Такім чынам, увесь чалавек моліцца, калі моліцца яго “сэрца”, - сказаў Папа.
Святы Айцец заўважыў, што малітва перасягае нас: яна ўзнікае ў глыбіні нашай асобы і выходзіць з яе, бо адчувае тугу па сустрэчы. “Малітва – гэта голас “я”, што ідзе навобмацак, усляпую, у пошуку “Ты”, - дадаў Пантыфік.
“Хрысціянская малітва не нараджаецца без аб'яўлення: “Ты” не засталося ахінутым таямніцай, але ўвайшло ў адносіны з намі. Хрысціянства – гэта рэлігія, якая няспынна цэлебруе “аб’яўленне” Бога, Яго эпіфанію. Першыя святы літургічнага года – гэта ўшанаванне таго Бога, які не застаўся схаваным, але прапанаваў сваё сяброўства людзям. Бог адкрывае сваю хвалу ў беднасці Бэтлеема, у сузіранні мудрацоў, у хросце ў Ярдане, у цудзе вяселля ў Кане. Евангелле св. Яна робіць выснову з дапамогай абагульняючага сцвярджэння вялікага гімну пралога: “Бога ніхто ніколі не бачыў. Адзінародны Бог, які ва ўлонні Айца, Ён адкрыў” (1,18)”, - сцвердзіў Францішак.
Папа заўважыў, што “малітва хрысціяніна ўваходзіць у адносіны з Богам, Які мае вельмі ласкавае аблічча, Які не жадае выклікаць страх у людзей”.
- адзначыў Папа.
Паводле Францішка, “хрысціянства пазбавіла сувязь з Богам любога роду “феадальных” адносін”. “У спадчыне нашай веры няма такіх слоў як “падданства”, “нявольніцтва” ці “васальная залежнасць”, але “саюз”, “сяброўства”, “абяцанне”, “адзінства”, “блізкасць”. У сваёй доўгай развітальнай прамове да вучняў, Езус кажа так: “Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць ягоны гаспадар. Я ж назваў сябрамі вас, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам. Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў. Каб Айцец даў вам тое, чаго толькі папросіце ў імя Маё” (Ян 15,15-16)”, - прыгадаў Пантыфік.
Папа заўважыў, што Бог – гэта сябар, саюзнік і жаніх, а ў малітве “Ойча наш” Езус навучыў нас скіроўваць да Яго просьбы. Мы можам прасіць у Бога ўсяго, тлумачыць усё, распавядаць усё, нават калі ў адносінах з Ім мы маем заганы, бо Ён не перастае нас любіць, - дадаў Францішак.
, - звярнуў увагу Папа.
Францішак заклікаў маліцца, заглыбляючыся ў таямніцу Запавету, уваходзячы ў міласэрныя абдымкі Бога, адчуваючы сябе ахінутымі таямніцай шчасця, якой з’яўляецца жыццё Тройцы, адчуваючы сябе запрошанымі, хоць і нягоднымі такога гонару.
“Паспрабуем паўтараць Богу ў захапленні малітвы: як магчыма, што Ты ведаеш толькі любоў? Яго ўзненавідзелі, але Ён не ведае нянавісці. Ён ведае толькі любоў. Такім ёсць Бог, да якога мы молімся. Гэта ззяючая сутнасць кожнай хрысціянскай малітвы. Бог – гэта любоў, наш Айцец, які чакае і суправаджае нас”, - сказаў на заканчэнне катэхезы Святы Айцец.