Папа маліўся за сясцёр-шарытак і іх місію
У літургічным календары ўспамін св. Луізы дэ Марыяк прыпадае на 15 сакавіка, аднак паколькі ў гэтым годзе ён супаў з перыядам Вялікага Посту, то быў перанесены на 9 мая. З гэтай нагоды падчас св. Імшы ў капліцы быў змешчаны абраз з выявай святой.
“Сёння – дзень успаміну св. Луізы дэ Марыяк: памолімся за сясцёр шарытак, якія дбаюць пра гэтую амбулаторыю, гэтую бальніцу ўжо амаль сто гадоў і працуюць тут, у Доме св. Марты, на карысць гэтай медустановы. Няхай Пан благаслаўляе сясцёр”, - сказаў Святы Айцец.
На завяршэнне св. Імшы Пантыфік правёў кароткую Эўхарыстычную адарацыю і ўдзяліў благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Вернікаў, якія бралі ўдзел у літургіі з дапамогай сродкаў камунікацыі, Папа заахвоціў прыняць св. Камунію духоўным чынам.
Законніцы, якія працуюць у ватыканскім Доме св. Марты, прыналежаць да Кангрэгацыі Дачок Міласэрнасці св. Вінцэнта дэ Поля, якую на пачатку XVII ст. заснавала св. Луіза дэ Марыяк. У сваім жыцці яны кіруюцца галоўнай вінцэнтынскай харызмай — служыць Хрысту ў абліччы хворых, бедных і самотных.