Папа на Дзень мігранта: падчас пандэміі не забыць пра абяздоленых
Тэма паслання Святога Айца: “Як Езус Хрыстус, вымушаныя ўцякаць. Прымаць, абараняць, падтрымліваць і інтэграваць унутраных мігрантаў”. Папа заўважыў, што стан гэтых людзей асабліва пагоршыўся з сувязі з пандэміяй каронавіруса.
Святы Айцец прыгадаў, што ў такой сітуацыі знаходзіўся маленькі Езус, які разам са сваімі бацькамі быў вымушаны ўцякаць у Егіпет. Таксама і сёння “тэлебачанне і газеты амаль штодзённа паведамляюць навіны пра бежанцаў, што ўцякаюць ад голаду, вайны, іншых сур’ёзных небяспекаў (…) У кожным з іх прысутнічае Езус, вымушаны, як у часы Іраду, уцякаць, каб уратавацца”, - падкрэсліў Папа.
Пантыфік заклікаў распазнаць у іх абліччах “твар галоднага, спрагнёнага, голага, хворага, падарожнага і зняволенага Хрыста”, бо “абяздоленыя даюць нам магчымасць сустрэцца з Панам, нават калі нашы вочы з цяжкасцю распазнаюць Яго: з абарванай вопраткай, бруднымі нагамі, скажоным тварам, параненым целам, няздольным размаўляць на нашай мове”.
Паводле Папы, адказам Касцёла на гэты “душпастырскі выклік”, павінна стаць прыняцце, абарона, падтрымка і інтэграцыя мігрантаў. Да гэтых чатырох слоў Францішак дадаў яшчэ “шэсць пар дзеясловаў, якія адпавядаюць вельмі канкрэтным дзеянням, злучаных між сабой прычынна-выніковай сувяззю”.
У першую чаргу Святы Айцец заўважыў, што, каб зразумець іншага, трэба яго пазнаць. Неабходна знаёміцца з мігрантамі, ведаць іх гісторыі, каб разумець іх праблемы і нястачы, - заўважыў ён.
Папа нагадаў, што, каб служыць, трэба стаць блізкім. Ён звярнуў увагу на тое, што часта “страхі і забабоны прымушаюць нас трымацца на адлегласці ад іншых”. “Наблізіцца да бліжняга часта значыць быць гатовым да рызыкі, чаму на працягу апошніх месяцаў нас вучаць медыкі і санітарныя работнікі”, - дадаў Пантыфік.
Святы Айцец падкрэсліў, што, каб прымірыцца, трэба выслухаць. Менавіта пакорнае слуханне дае магчымасць прымірыцца з бліжнім, сабой і Богам. Апошнія месяцы прынеслі на нашыя вуліцы цішыню, і гэтае трывожнае маўчанне дае нам магчымасць прыслухацца да крыку самых уразлівых, да крыку бежанцаў і крыку нашай цяжкахворай планеты, заўважыў ён.
Фрацнішак заўважыў, што, каб расці самім, трэба дзяліцца з іншымі. “Пандэмія прыгадала нам, што мы ўсе знаходзіцца ў адной лодцы. Сітуацыя ў якой мы маем агульныя турботы і страхі, паказала, што ніхто не збаўляецца ў адзіночку. “Каб па-сапраўднаму ўзрастаць мы павінны ўзрастаць разам, дзелячыся тым, што маем…”, - падкрэсліў Папа.
Пантыфік нагадаў, што, каб падтрымліваць іншых людзей, трэба іх заахвочваць, гэта значыць дапамагаць ім станавіцца галоўнымі дзеючымі асобамі ўласнага лёсу.
Святы Айцец заклікаў супрацоўнічаць, каб будаваць. “Будаванне Божага Валадарства – гэта супольны абавязак усіх хрысціян, таму неабходна, каб мы навучыліся супрацоўнічаць, не паддаючыся спакусе зайздрасці, нязгоды і падзелаў”, - сцвердзіў Францішак.
Сусветны дзень мігранта і бежанца адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле з 1914 г. Сёлета ён пройдзе 27 верасня.