Папа пра малітву: “Чалавек – жабрак перад Богам”
Пантыфік распачаў новы катэхетычны цыкл, прысвечаны малітве. Ён падкрэсліў, што малітва – гэта “подых веры” і яе найбольш уласцівы выраз. Малітва, як крык, што выходзіць з сэрца таго, хто верыць, і давярае сябе Богу.
У якасці прыкладу чалавека малітвы Папа прыгадаў сляпога жабрака Бартымея з Евангелля св. Марка (10, 46-52), які прасіў міласціну ля дарогі на ўскраіне Ерыхона. Пачуўшы, што Езус павінен прайсці тут, ён зрабіў усё магчымае, каб сустрэцца з Ім.
Францішак заўважыў, што Бартымей увайшоў на старонкі Евангелля як чалавек, што “крычыць на ўсё горла”. Ён зразумеў па шуме натоўпу, што Езус блізка, і, паколькі быў самотным і ніхто не мог дапамагчы яму, выкарыстаў “адзіную зброю, якой валодаў: голас”. Бартымей пачаў крычаць: “Сыне Давіда, Езусе, змілуйся нада мною!”
, - звярнуў увагу Папа.
Малітва Бартымея кранула сэрца Езуса, і Ён загадаў паклікаць гэтага чалавека. Жабрак устаў, а тыя, хто спачатку загадваў яму змоўкнуць, прывялі яго да Настаўніка. Езус спытаў, чаго ён хоча, і тады крык Бартымея пераўтварыўся ў просьбу: “Каб я зноў бачыў, Пане!”.
Калі Хрыстус адказаў яму: “Ідзі, вера твая ўратавала цябе”, Ён прызнаў сілу веры гэтага беднага, хворага, пагарджанага чалавека, якая прыцягнула міласэрнасць і моц Бога. Францішак прыгадаў, што фундаментам малітвы з’яўляецца пакора, прызнанне стану нашай патрэбы, прагі Бога.
, - сказаў Пантыфік.
Папа звярнуў увагу на важнасць прыкладу настойлівасці Бартымея. Вакол яго былі людзі, якія казалі, што прасіць не мае сэнсу, што гэта – крык без адказу, усяго толькі стварэнне надакучлівага шуму: але ён не маўчаў і ў выніку атрымаў тое, чаго прагнуў. Пантыфік зазначыў, што ў сэрцы кожнага чалавека ёсць голас, мацнейшы за любую супрацьлеглую аргументацыю. Гэта крык, які выходзіць спантанна, пытаючыся пра сэнс нашага зямнога пілігрымавання, асабліва тады, калі знаходзімся ў цемры і просім “Езу, змілуйся нада мною!”.
“Гарызонт з’яўляецца нашмат больш шырокім: Павел сцвярджаў, што ўсё стварэнне “разам стогне і нараджае ў пакутах” (Рым 8,22)”, - падкрэсліў Францішак.
Усё стварэнне просіць аб канчатковым спаўненні таямніцы міласэрнасці. Моляцца не толькі хрысціяне: яны падзяляюць крык малітвы з кожным чалавекам, і гэта крык “жабрака перад Богам”, - завяршыў катэхезу Святы Айцец.