Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Святы Айцец: з’яднаемся духоўна з католікамі Кітая

Папа скіраваў заклік з нагоды Сусветнага дня малітвы ў інтэнцыі Каталіцкага Касцёла ў Кітаі, які адзначаецца штогадова 24 мая, ва ўспамін Маці Божай Успамогі хрысціянаў.

“Духоўна з’яднаемся з католікамі Кітая, якія сёння з асаблівай пабожнасцю адзначаюць свята Маці Божай Успамогі хрысціянаў і Апякункі Кітая, што ўшаноўваецца ў санктуарыі Шэшан у Шанхаі”, - сказаў Папа пасля малітвы “Уладарка неба” у Ватыкане.

Святы Айцец заклікаў даручыць абароне Багародзіцы пастыраў і вернікаў Каталіцкага Касцёла “у гэтай вялікай краіне, каб былі моцнымі верай і трывалымі ў братэрскім адзінстве, радаснымі сведкамі і носьбітамі любові і надзеі, а таксама добрымі грамадзянамі”.

“Дарагія браты і сёстры, католікі ў Кітаі, хачу запэўніць вас у тым, што Паўсюдны Касцёл, неад’емнай часткай якога вы з’яўляецеся, раздзяляе вашы спадзяванні і падтрымлівае вас у выпрабаваннях. Ён суправаджае вас малітвай аб новым сыходзе Святога Духа, каб зноў магло заззяць у вас святло і прыгажосць Евангелля, а таксама сіла Бога збаўляць кожнага чалавека, які верыць у Яго”, - дадаў Пантыфік.

Сусветны дзень малітвы ў інтэнцыі Каталіцкага Касцёла ў Кітаі быў устаноўлены ў 2007 г. па ініцыятыве Бэнэдыкта XVI.
 

24 мая 2020, 12:37