Ватыканскія архіў і бібліятэка зноў адкрыюцца для даследчыкаў
Да заканчэння надзвычайнай сітуацыі, выкліканай пандэміяй каронавіруса, структуры будуць адкрыты з 8.45 да 13.30. Папярэдні запіс будзе ажыццяўляцца анлайн. Колькасць наведвальнікаў архіва і бібліятэкі абмяжуюць, каб забяспечыць магчымасць захавання сацыяльнай дыстанцыі. Іх абавяжуць працаваць у медыцынскай масцы і пальчатках.
З нагоды аднаўлення дзейнасці структур, сваімі разважаннямі аб актуальным крызісе на старонках “L’Osservatore Romano” падзяліўся Архіварыус Ватыканскага апостальскага архіва і Бібліятэкар Святога Рымскага Касцёла, кардынал Жазэ Таленціна Мэндонса.
Іерарх заўважыў, што памяць мае важнае значэнне ў “біблійных” рэлігіях. У хрысціян яна выражаецца ў цэлебрацыі сакрамэнту Эўхарыстыі, а ў юдэяў з’яўляецца фундаментальнай умовай для святасці. Дзякуючы памяці чалавек перастае засяроджвацца выключна на сабе, пазбаўляецца абсалютызацыі свайго існавання, якая вядзе да самадастатковасці і не пакідае месца ў жыцці для Бога і бліжняга.
Кардынал Мэндонса перакананы, што для вернікаў памяць не з’яўляецца тугой па страчанай мінуўшчыне; яна заўсёды скіравана ў будучыню, заўсёды абуджае рух наперад, падштурхоўвае да пошуку мудрасці і праўды. У такім ключы іерарх заклікаў глядзець і на сітуацыю, выкліканую пандэяміяй.
Спасылаючыся на адкрыццё даследавання архіўных дакументаў пантыфікату Пія ХІІ, Архіварыус заўважыў, што ніхто не мог прадбачыць прыпынення гэтага важнага гістарычнага працэсу. Аднак, надзвычайная сітуацыя прымусіла спачатку закрыць бібліятэку і архіў, а зараз патрабуе паступовага адкрыцця, з усімі абмежаваннямі, абавязковымі ў актуальны перыяд. Кардынал Мэндонса заклікаў усіх з даверам перажыць гэты складаны перыяд, памятаючы, што кожны крызіс можа пераўтварыцца ў нагоду для станоўчага.