Францішак да кансэкраваных дзеў: будзьце жанчынамі міласэрнасці
Сваё адмысловае пасланне Францішак прымеркаваў да 50-годдзя зацвярджэння Паўлам VI абноўленага абраду “ordo virginum” і міжнароднага кангрэсу кансэкраваных дзеў, які павінен быў прайсці ў Ватыкане, але быў адкліканы з прычыны пандэміі каронавіруса.
“Вы пакліканы не паводле вашых заслуг, а Божай міласэрнасці, каб паказаць у сваім жыцці аблічча Касцёла, Нявесты Хрыстовай, якая з’яўляецца дзевай, бо, хоць складаецца з грэшнікаў, захоўвае сваю веру некранутай, задумвае і культывуе рост новага чалавецтва”, - напісаў Пантыфік.
Папа запрасіў кансэкраваных жанчын узяць у рукі абрад пасвячэння і прачытаць яго яшчэ раз, каб нагадаць сабе пра сэнс кансэкрацыі: “Вы пакліканы адчуць і засведчыць, што Бог у сваім Сыне палюбіў нас першым і што Яго любоў, якая існуе для кожнага, мае моц змяніць грэшнікаў у святых”.
“Будзьце жанчынамі міласэрнасці, экспертамі па чалавечнасці. Жанчынамі, якія вераць у рэвалюцыйную сілу лагоднасці і пяшчоты. Пандэмія вучыць нас, што прыйшоў час ліквідаваць няроўнасць і вылечыць несправядлівасць, якія падрываюць здароўе ўсяго чалавецтва ў яго асновах! Няхай тое, што адбываецца ў свеце, рухае вамі: не заплюшчвайце вочы і не ўцякайце; падарожнічайце па прасторах болю і пакут з пяшчотай; мужна абвяшчайце паўнату жыцця кожнаму”, - пажадаў Папа.
Францішак заклікаў адрасатак свайго паслання “ўсталёўваць сапраўдныя адносіны з іншымі”, дапамагаць асабліва жыхарам гарадоў вызваліцца ад адзіноты і ананімнасці, пазбягаць спакусы плётак і паклёпаў. “Няхай мудрасць, творчы падыход і сапраўднасць любові дапамогуць вам у супрацьстаянні з высакамернасцю і злоўжываннем уладай”, - напісаў Папа ў сваім пасланні да кансэкраваных дзеў.