Пошук

Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" у Ватыкане Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" у Ватыкане 

Францішак падчас “Анёл Панскі”: будаваць жыццё на Езусе

Пазнаць Езуса як жывога Бога, - заклікаў Папа падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, якая прайшла ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла, 29 чэрвеня 2020 г. у Ватыкане.

Пантыфік спаслаўся на літургічнае чытанне (Дз 12,1-11), у якім распавядаецца як, дзякуючы малітве хрысціянскай супольнасці і цудоўнаму ўмяшанню анёла, Пётр здолеў выбрацца з няволі. Але і праз некалькі гадоў, калі ён зноў трапіў у вязніцу, Касцёл маліўся за яго, аднак выратаваць яго не атрымалася. “Чаму спачатку ён быў вызвалены ад выпрабавання, а потым – не?”, - спытаў Папа.

Францішак заўважыў, што Пятру быў прадвызначаны шлях, які можа асвяціць шлях нашага жыцця. Пан адарыў яго мноствам ласкаў і вызваліў ад зла: Ён робіць тое самае з намі, хоць мы часта звяртаемся да Яго толькі ў час патрэбы, каб папрасіць дапамогі.

“Але Бог бачыць больш далёка і запрашае нас ісці далей, шукаць не толькі Яго дароў, але Яго – Пана ўсіх дароў; давяраць Яму не толькі праблемы, але і само жыццё. Так Ён можа, нарэшце, адарыць нас яшчэ большай ласкай – прынясення ў дар жыцця. Самае важнае ў жыцці – гэта ператвараць жыццё ў дар”, - сцвердзіў Пантыфік.

Гэта тычыцца ўсіх: бацькоў, у адносінах да дзяцей, і дзяцей, у адносінах да пажылых бацькоў; сужонкаў і кансэкраваных асобаў; гэты важна паўсюль: дома і на працы. Бог хоча дапамагчы нам узрастаць у дары – толькі так станем вялікімі. “Паглядзім на св. Пятра: ён стаў героем не таму што быў вызвалены з вязніцы, але таму што аддаў тут сваё жыццё. Яго дар пераўтварыў месца пакарання смерцю ў цудоўнае месца надзеі, у якім мы знаходзімся”, - заўважыў Францішак.

Святы Айцец заклікаў прасіць у Бога аб ласцы не толькі на пэўныя моманты жыцця, але, якая будзе асвячаць усё жыццё. Евангелле на сённяшні дзень паказвае дыялог, які змяніў жыццё Пятра. “Хто Я для цябе?”, - спытаў Езус, а Пётр адказаў: “Ты – Хрыстус, Сын Бога Жывога”. Езус сказаў яму: “Шчаслівы ты, Сымоне, сыне Ёны” (Мц 16,16-17).

Таямніца шчаслівага жыцця заключаецца ў пазнанні Езуса як жывога Бога. Не дастаткова ведаць, што Езус быў вялікай гістарычнай постацю, не дастаткова проста цаніць тое, што Ён сказаў і зрабіў: важна, якое месца я даю Яму ў маім жыцці, - падкрэсліў Святы Айцец.

Затым Пётр пачуў як Езус сказаў: “Ты – Пётр, скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой” (Мц 16,18). Ён быў названы “скалой” не таму што быў моцны і надзейны. Не, ён зробіць шмат памылак, нават адрачэцца ад Настаўніка. Аднак прыме рашэнне будаваць жыццё на Езусе; не на “целе і крыві”, як кажа тэкст, гэта значыць не на самім сабе, не на сваіх здольнасцях, але на Езусе. Езус – скала, на якім Сымон стаў камнем.

Сёння мы можам спытаць сябе: “На чым я будую маё жыццё? Думаю толькі пра часовыя патрэбы ці веру, што маёй сапраўднай патрэбай ёсць Езус, які робіць з мяне дар? На чым будую жыццё – на маіх здольнасцях ці на жывым Богу?”. Няхай Маці Божая, якая цалкам даверылася Богу, дапаможа нам штодзённа ставіць Яго ў падмурак”, - завяршыў сваё разважанне Папа.
 

29 чэрвеня 2020, 13:18