Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Папа: пераадолець крызіс з мужнасцю, верай і надзеяй

Пасля заканчэння пандэміі прыйдуць нялёгкія часы, але з мужнасцю і верай мы здолеем крочыць наперад, - запэўніў Папа ўдзельнікаў “віртуальнай пілігрымкі” у Ларэта.

З дапамогай тэлефоннай сувязі Пантыфік звярнуўся да духавенства і вернікаў, якія сабраліся на малітву перад санктуарыем Дому Маці Божай, а таксама да ўсіх, хто далучыўся да яе з дапамогай сродкаў камунікацыі. Пілігрымка з Мачэрата ў Ларэта, удзельнікаў якой Папа вітае кожны год, сёлета была адкладзена на іншы тэрмін па прычыне пандэміі. Замест яе адбылася супольная анлайн-малітва.

“Мне ўпершыню даводзіцца сустракацца з віртуальнай пілігрымкай”, - прызнаўся Святы Айцец. Ён падзякаваў арганізатарам за ініцыятыву і заўважыў, што ў гэты складаны для ўсіх перыяд Маці Божая дапамагае глядзець у будучыню з надзеяй.

Францішак заклікаў да мужнасці, падкрэсліўшы, што “часы, якія прыходзяць пасля гэтай пандэміі будуць нялёгкімі, але з адвагай, верай і надзеяй мы зможам ісці наперад”. “Будзьце мужнымі! Прасіце Багародзіцу аб гэтай мужнасці сёння. Я малюся разам з вамі”, - запэўніў ён.

Ларэта славіцца тым, што тут знаходзіцца самы вялікі і самы важны марыйны санктуарый на Апенінах. У 1291 г. у гэты горад з Назарэта быў дастаўлены дом Святой Сям’і, вядомы таксама як дом Маці Божай. Гэта рэліквія змешчана ў прыгожай базыліцы, збудаванай у 1469 г. Пілігрымка з Мачэраты ў Ларэта праходзіць штогадова з 1978 г. Звычайна ў ёй прымае ўдзел каля 100 тыс. чалавек.
 

15 чэрвеня 2020, 09:57