Пошук

Францішак падчас запісу відэа. Ілюстрацыйнае фота Францішак падчас запісу відэа. Ілюстрацыйнае фота 

Францішак заклікаў да развіцця сацыяльнай дыяканіі

Cлужыць іншым і разумець, што мы не самотныя ў свеце, пажадаў Папа ў відэазвароце да курса духоўнасці, арганізаванага дыяцэзіяй Камадора-дзі-Рывадавія, у аргентынскім рэгіёне Патагонія.

Відэа было размешчана на YouTube-канале дыяцэзіі, а сам курс, арганізаваны ў інтэрнэце, прысвяцілі тэме “Навяртанне ў сацыяльную дыяканію”.

Па словах Святога Айца, гэтая тэма вельмі злабадзённая, паколькі ў сённяшняй сітуацыі ізаляванасці існуе патрэба ва ўвазе да патрэб бліжняга, як духоўных, так і матэрыяльных. З прычыны эгаізму мы прывыклі праходзіць міма, не заўважаючы таго, хто пакутуе, адварочваючы позірк убок. Аднак “Езус патрабуе ад нас быць слугамі іншых, як Міласэрны Самаранін, імя якога мы не ведаем: ананімны чалавек, які клапаціўся пра свайго бліжняга, што ляжаў на ўзбочыне”.

“На ўскрайку жыццёвай дарогі ёсць такія ж, як і мы, мужчыны і жанчыны, ёсць пажылыя людзі і дзеці, якія просяць нас, поглядам, падаць ім руку”

, - падкрэсліў Францішак.

Адсюль і заахвочванне да “працэсу навяртання да дыяканіі, да пераўтварэння ў дыяканаў, слуг іншых”. “Мужнасці! Я прашу вас проста прымусіць сэрца біцца і ўважліва глядзець, нічога больш. Усё астатняе прыйдзе”, - падсумаваў Святы Айцец свае разважанні, даючы благаслаўленне і просячы аб малітве.

Амаль 600 душпастырскіх супрацоўнікаў з усёй дыяцэзіі Камадора-дзі-Рывадавія прынялі ўдзел у анлайн-курсе. Мясцовы біскуп Хоакін Хімена Лахос нагадаў, што ў часы кіравання архідыяцэзіяй Буэнас-Айрэс, цяперашні папа Францішак праяўляў увагу да Касцёла ў Патагоніі і дапамагаў яму.

25 ліпеня 2020, 12:11