Папа: шукаць аблічча Пана ў бедных, хворых, пакінутых і чужынцах
8 ліпеня 2020 г. Пантыфік узначаліў Эўхарыстыю ў капліцы ватыканскага Дома св. Марты з нагоды сёмай гадавіны яго падарожжа на Лампедузу. Гэтым візітам ён хацеў звярнуць увагу міжнароднай супольнасці на сітуацыю мігрантаў і бежанцаў, а таксама выказаць салідарнасць з людзьмі, вымушанымі пакідаць родную зямлю па прычыне войнаў, пераследу, беднасці і голаду.
У гаміліі Францішак спаслаўся на словы рэспансарыйнага псальму, які прагучаў падчас Літургіі слова: “Шукайце Пана і Яго моцы, шукайце заўсёды Яго аблічча” (Пс 104,4). Пошук аблічча Пана, гэта “залог нашага паспяховага пілігрымавання па гэтай зямлі”, пілігрымавання ў кірунку Абяцанай зямлі, нябеснай Айчыны, - сказаў ён.
Народ Ізраэля, пра які гаворыцца ў першым літургічным чытанні з Кнігі прарока Осіі (10,1-12), у тыя часы згубіў з поля зроку гэту зямлю і блукаў па “пустынні беззаконня”. Дабрабыт і багацці аддалілі сэрцы ізраільцян ад Бога, напоўніўшы іх крывадушнасцю і несправядлівасцю.
Ласку сузірання аблічча Пана атрымалі дванаццаць апосталаў, пра што распавядае літургічны евангельскі ўрывак (Мц 10,1-7). Але асабістая сустрэча з Панам Езусам магчыма і для кожнага з нас, вучняў трэцяга тысячагоддзя. Мы можаім бачыць Яго аблічча ў абліччах бедных, хворых, пакінутых і чужынцаў, якіх сустракаем на сваім шляху, - заўважыў Папа.
Гаворачы пра лёс тысяч мігрантаў, Святы Айцец нагадаў словы з Евангелля св. Мацвея: “Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі” (Мц 25,40). Гэта гучыць яе папярэджанне для нас сёння, - падкрэсліў Францішак і заклікаў зрабіць рахунак сумлення на падставе гэтых слоў Езуса.
Пантыфік узгадаў пра шматлікія злоўжыванні ў Эфіопіі, пра катаванні ў лагерах для бежанцаў у Лівіі, пра ахвяр насілля, ахвярамі якога становяцца мігранты, пра іх ратаванне ці, наадварот, пра тыя выпадкі, калі іх не прымаюць.
Папа завяршыў гамілію малітвай да Маці Божай – “Solacium migrantium” (Суцяшэнне мігрантаў), каб дапамагла нам распазнаць аблічча Яе Сына ва ўсіх братах і сёстрах, вымушаных уцякаць з роднай зямлі па прычыне шматлікіх беззаконняў, ад якіх пакутуюе наш свет.