Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак заклапочаны гуманітарнай сітуацыяй у Мазамбіку

Пантыфік выказаў блізкасць насельніцтву Мазамбіка ў сувязі з пагаршэннем гуманітарнай сітуацыі ў правінцыі Кабу-Дэлгаду, выкліканай дзейнасцю тэрарыстычных груповак.

20 жніўня 2020 г. Папа патэлефанаваў біскупу Фэрнанда Лісбоа, пастыру дыяцэзіі Пемба. “Святы Айцец сказаў, што з вялікім хваляваннем сочыць за падзеямі ў нашай правінцыі і няспынна моліцца за нас. Ён таксама сказаў, што калі можа штосьці зрабіць для нас, мы павінны без вагання паведаміць яму пра гэта. Ён гатовы дапамагчы нам...”, - падзяліўся іерарх.

Біскуп выказаў Францішку ўдзячнасць за размову, а таксама за малітву аб міры ў Кабу-Дэлгаду, скіраваную падчас велікоднага паслання “Urbi et Orbi” 12 красавіка 2020 г.

“Я сказаў яму, што згадка пра гуманітарны крызіс у нашай правінцыі дапамагла многім людзям усвядоміць сваю сітуацыю”, - дадаў іерарх. Ён распавёў таксама, што словы Святога Айца абудзілі ўвагу да рэгіёна з боку ватыканскіх устаноў, гуманітарных арганізацый і многіх людзей, як унутры краіны, так і за яе межамі. “Я сказаў: Святы Ойча, вы змясцілі Кабу-Дэлгаду на карту свету”, - падзяліўся біскуп Лісбоа.

Біскуп паінфармаваў Папу пра сітуацыю ў партовым горадзе Масімбоа-да-Прая, захопленым ісламскімі тэрарыстамі. Урадавыя войскі на мінулым тыдні былі вымушаны пакінуць гэты стратэгічны пункт. Паводле іерарха, у горадзе заставалася дзве каталіцкія манахіні, сувязь з якімі страчана. Францішак выказаў свой глыбокі смутак з гэтай прычыны і паабяцаў маліцца за іх.

Святы Айцец прыгадаў пра свой мінулагодні візіт у Мазамбік і заклікаў біскупа знаходзіцца ў кантакце з Дыкастэрыяй па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека для забеспячэння гуманітарнай дапамогі насельніцтву.

Кабу-Дэлгаду з’яўляецца адным з самых бедных рэгіёнаў Мазамбіка. Некалькі гадоў таму тут былі адкрыты багатыя залежы звадкаванага газу. У 2017 г. барацьбу за гэту частку вострава распачалі групоўкі, звязаныя з тэрарыстычнай арганізацыяй “Ісламская дзяржава”. Ахвярамі джыхадзістаў сталі сотні мірных жыхароў і салдат урадавых войскаў. Тысячы людзей былі вымушаны пакінуць рэгіён.
 

21 жніўня 2020, 11:15