Пошук

Св. Моніка. Ілюстацыйнае фота Св. Моніка. Ілюстацыйнае фота 

Пантыфік памаліўся ля магілы св. Монікі

У другой палове дня 27 жніўня 2020 г. Францішак здзейсніў прыватны малітоўны візіт у старажытную рымскую базыліку св. Аўгустына на Марсавым полі.

“Візіт быў прымеркаваны да ўспаміну св. Монікі, які ў гэты дзень адзначаецца ў Касцёле. Пантыфік памаліўся ў капліцы, прысвечанай маці Біскупа Гіпона. Менавіта ў гэтай рымскай базыліцы знаходзіцца яе магіла. Пасля малітвы Папа вярнуўся ў Ватыкан”, - паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы.

Св. Моніка нарадзілася ў 331 г. у Тагасце, на тэрыторыі сучаснага Алжыру. Выйшла замуж у маладым узросце, паспрыяўшы навяртанню свайго мужа-язычніка. У іх было трое дзяцей, якіх Моніка выхавала ў хрысціянскай веры. Яна вельмі перажывала за свайго сына Аўгустына, калі ён пачаў аддаляцца ад Хрыста, таму, паўсюль следуючы за ім, увесь час малілася за яго. У 387 г. будучы святы прыняў хрост. У гэтым жа годзе Моніка памерла ў партовым горадзе Остыя, недалёка ад Рыма, дзе і была пахавана. У 1430 г. яе парэшткі былі перавезены ў Вечны горад і перапахаваны ў каменным саркафагу ў базыліцы, якая носіць тытул яе сына, св. Аўгустына.

Св. Моніка з’яўляецца апякункай жанчын і хрысціянскіх маці, якія праз яе заступніцтва просяць збаўлення душаў для сваіх дзяцей.
 

28 жніўня 2020, 11:03