Папа падчас "Анёл Панскі" Папа падчас "Анёл Панскі" 

Папа на “Анёл Панскі”: спачуванне – гэта не сентыменталізм

2 жніўня 2020 г., у сваім разважанні перад “Анёл Панскі” Францішак звярнуў увагу на чужыя біблейскай традыцыі матэрыялізм і спірытуалізм і роднае для хрысціян спачуванне.

Засяродзіўшыся на евангельскай гісторыі аб памнажэнні хлябоў (Мц 14, 13-21), Святы Айцец адзначыў, што падзея адбылася ў пустынным месцы, куды Езус адправіўся са сваімі вучнямі. Аднак людзі даведаліся пра іх месцазнаходжанне і прыйшлі паслухаць Яго. Таму апосталы, “практычныя людзі”, хваляваліся і прасілі Хрыста адпусціць людзей, каб тыя паклапаціліся пра ежу для сябе. А Ён адказаў: “Вы дайце ім есці”.

“Уявіце сабе твары вучняў! Езус вельмі добра ведае, што зараз зробіць, але хоча змяніць іх падыход: не кажыце, адпусці іх, хай паклапоцяцца пра сябе, знойдуць што-небудзь паесці, але спытайце, што дае нам Провід для таго, каб падзяліцца?”, - заўважыў Папа.

Як учора, так і сёння Езус хоча выхоўваць сваіх вучняў на аснове Божай логікі: “браць на сябе цяжар іншага”, “не ўмываць рукі”, “не адводзіць позірк”. Выраз “няхай яны клапоцяцца пра сябе”, па словах Пантыфіка, “не належыць да хрысціянскага лексікона”.

І калі адзін з іх “з рэалізмам” сказаў: “У нас тут толькі пяць хлябоў і дзве рыбы”, Езус даў свой адказ: “Прынясіце іх Мне сюды. Пасля Ён загадаў народу сесці на траву, узяў пяць хлябоў і дзве рыбы, паглядзеў на неба, благаславіў і, паламаўшы, даў хлеб вучням, а вучні – народу”. І гэтага аказалася дастаткова, каб накарміць тысячы людзей.

“Сваім жэстам Езус раскрывае ўласную сілу, не тэатральна, але як знак міласэрнай любові, шчодрасці Бога Айца адносна сваіх стомленых і патрабуючых дзяцей. Ён пагружаны ў жыццё свайго народа, разумее яго стомленасць і абмежаванасць, але не дазваляе нікому згубіцца ці ўпасці: Ён сілкуе сваім словам і дае дастатковую ежу для фізічнай падтрымкі”, - звярнуў увагу Святы Айцец.

Паводле Пантыфіка, у гэтым евангельскім аповедзе мы бачым відавочную спасылку на Найсвяцейшую Эўхарыстыю, але і на “цесную сувязь паміж Эўхарыстычным хлебам, ежай вечнага жыцця, і штодзённым хлебам, неабходным для зямнога існавання”. Перш чым прынесці сябе ў ахвяру як хлеб збаўлення, Езус дае ежу тым, хто ідзе за Ім.

“Часам супрацьпастаўляюць дух і матэрыю, але насамрэч спірытуалізм, як і матэрыялізм, чужыя для Бібліі. Гэта не біблейская мова”

, - адзначыў Францішак.

Пантыфік падкрэсліў, што Езусава спачуванне да людзей – гэта не сентыменталізм, а “канкрэтная праява любові, якая бярэ на сябе патрэбы людзей”. І мы закліканы да такога ж падыходу: звязваць Эўхарыстыю з спачуваннем да іншых, паколькі спачуванне – гэта не “чыста матэрыяльнае пачуццё”. Ён рэкамендаваў вернікам не забываць гэтае слова, звязанае з “провіднай любоўю Айца”.

“Няхай Найсвяцейшая Дзева Марыя дапаможа нам ісці па шляху, які сёння ў Евангеллі паказвае нам Пан. Гэта шлях братэрства, які мае важнае значэнне для пераадолення беднасці і пакут у свеце, асабліва ў цяперашні цяжкі перыяд, і накіроўвае нас за межы свету, таму што гэта шлях, які пачынаецца з Бога і завяршаецца на Богу”, - падсумаваў Папа.
 

02 жніўня 2020, 13:29