Папа на агульнай аўдыенцыі: выйсці з пандэміі лепшымі
У чацвёртай катэхезе аб наступствах пандэміі каронавіруса, Пантыфік заклікаў прыняць дар надзеі, крыніцай якой з’яўляецца Хрыстус. “Гэта Ён дапамагае нам плысці па неспакойных водах хваробы, смерці і несправядлівасці, якія не маюць апошняга слова ў нашым канчатковым лёсе”, - падкрэсліў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 26 жніўня 2020 г. прайшла ў Ватыкане.
“Гэтыя сімптомы няроўнасці сведчаць пра сацыяльную хваробу: гэта вірус, крыніцай якога з’яўляецца хворая эканоміка. Мы павінны проста сказаць гэта: эканоміка – хворая. Яна з’яўляецца плёнам развіцця эканомікі несправядлівай, якая абстрагуецца ад фундаментальных чалавечых каштоўнасцей. У сучасным свеце невялікая колькасць багатых мае ва ўласнасці больш чым усё астатняе чалавецтва (…). Гэта несправядлівасць, якая ўсклікае да неба!”, - сказаў Папа.
Паводле Францішка, актуальная эканамічная мадэль з’яўляецца абыякавай да экалогіі. Чалавецтва набліжаецца да вычарпання магчымасцей “нашай цудоўнай планеты, з цяжкімі і незваротнымі наступствамі: ад страты біяразнастайнасці і кліматычных змен да павышэння ўзроўню мора і знішчэння трапічных лясоў”.
Святы Айцец заклікаў да “адносін узаемнай адказнасці” паміж людзьмі і прыродай. “Кожная супольнасць можа ўзяць з рэсурсаў зямлі тое, што неабходна для існавання, але мае таксама абавязак ахоўваць яе”, - падкрэсліў ён. “Зямля існавала раней за нас” і была дадзена Богам “усяму роду чалавечаму”. Такім чынам, наш абавязак – рабіць так, каб яе плёны даставаліся ўсім, а не толькі некаторым з людзей... Гэта ключавы элемент нашых адносін з зямнымі рэсурсамі”, - дадаў Папа.
Францішак заклікаў палітычныя ўлады рэгуляваць законнае ажыццяўленне права на ўласнасць. “Прынцып падпарадкавання прыватнай уласнасці паўсюднаму размеркаванню дабротаў з’яўляецца ўніверсальным правілам яе выкарыстання, гэта “залатое правіла” грамадскіх паводзін, а таксама “першакрыніца ўсяго сацыяльна-этычнага ладу” , - нагадаў Святы Айцец.
“Уласнасць і грошы – гэта прылады, якія могуць служыць місійнай дзейнасці. Але мы з лёгкасцю ператвараем іх у мэту, індывідуальную ці калектыўную. І калі так адбываецца, парушаюцца галоўныя чалавечыя каштоўнасці. Homo sapiens дэфармуецца і становіцца пэўнага роду homo œconomicus – у горшым сэнсе гэтага слова – індывідуалістычным, карысталюбным і дамінуючым. Мы забываемся, што застаючыся створанымі на вобраз і падабенства Бога, мы з’яўляемся сацыяльнымі, творчымі і салідарнымі істотамі, з бязмежнай здольнасцю любіць. Фактычна мы з’яўляецца істотамі, якія найбольш сярод усіх відаў супрацоўнічаюць паміж сабой і расцвітаем у супольнасці, што добра бачна на прыкладзе святых”, - сказаў Папа.
З позіркам, скіраваным на Езуса, і ўпэўненасцю ў тым, што Яго любоў дзейнічае праз супольнасць Яго вучняў, Папа заклікаў вернікаў працаваць разам, спадзеючыся стварыць штосьці іншае і лепшае.
“Хрысціянская надзея, укаранёная ў Богу, гэта наш якар. Яна падтрымлівае волю да дзялення, умацоўваючы сілу місіі вучняў Хрыста, Які раздзяліў усё з намі”, - заўважыў Францішак, і дадаў, што гэта разумелі ў першых хрысціянскіх супольнасцях.
“Пандэмія ўвяла ўсіх нас у крызіс. Але памятайце: з крызісу нельга выйсці не змяніўшыся. Мы выйдзем з яго лепшымі ці горшымі: гэта выбар, які стаіць перад намі. Ці мы працягнем пасля крызісу жыць з гэтай эканамічнай сістэмай сацыяльнай несправядлівасці і пагарды да клопату аб навакольным асяроддзі, стварэнні, супольным доме? Падумаем пра гэта!”, - запрасіў Святы Айцец.
Напрыканцы Францішак заклікаў звярнуць увагу на сітуацыю самых малых. “Колькі дзяцей сёння галадаюць з прычыны дрэннага размеркавання багаццяў, з прычыны эканамічнай сістэмы, колькі з іх сёння не маюць права на школу па той жа прычыне... Няхай гэты вобраз дзяцей, якія знаходзяцца ў патрэбе з прычыны голаду і адсутнасці адукацыі, дапаможа нам зразумець, што мы павінны выйсці з гэтага крызісу лепшымі”, - завяршыў сваё разважанне Пантыфік.