Пошук

Папа падчас "Анёл Панскі" Папа падчас "Анёл Панскі" 

Папа падчас “Анёл Панскі”: даверыць гісторыю свайго жыцця Богу

Збаўленне Божае пераадольвае любыя межы і дасягае любога чалавека – істотная ўмова яго атрымання: верыць у сілу Збаўцы і Яго міласэрную дабрыню, - адзначыў Папа падчас “Анёл Панскі”.

Ён прааналізаваў Евангелле ХХ Звычайнай нядзелі (Мц 15, 21-28), якое апісвае сустрэчу Езуса з ханаанкай на поўначы Галілеі, на чужой для Ізраэля тэрыторыі. Жанчына прасіла: “Пане, дапамажы мне”.

“Гэта крык, які паходзіць з жыцця, адзначанага пакутамі, пачуцця бездапаможнасці маці, якая бачыць, як дачку мучыць зло. Езус спачатку ігнаруе яе, але маці настойвае, настойвае нават тады, калі Настаўнік кажа вучням, што яго місія адрасавана толькі “загінуўшым авечкам з дому Ізраэля”. Яна працягвае ўпрошваць яго, і Ён ставіць яе перад выпрабаваннем, цытуючы прыказку: “Нягожа забраць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам”. А жанчына адразу адказвае: “Так, Пане, але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх”, - нагадаў евангельскую гісторыю Францішак.

Словы ханаанкі дэманструюць тое, што Бог у асобе Езуса “адкрыты для любой патрэбы Яго стварэння. Гэтая мудрасць, поўная даверу, дзівіць сэрца Настаўніка і выклікае ў Яго захапленне: “О жанчына, вялікая вера твая! Няхай станецца табе, як жадаеш”.

“Вялікая вера заўсёды нясе асабістую гісторыю, пазначаную ў тым ліку і ранамі, да ног Пана, просячы Яго вылечыць яе і надаць ёй сэнс. Жанчына не сумняваецца, яна ўпэўненая, што Бог не хоча смерці свайго стварэння”, - заўважыў Пантыфік.

Францішак дадаў, што ў кожнага ёсць свая гісторыя, і “гэта не заўсёды гісторыя “на экспарт”, не заўсёды чыстая гісторыя”. У вялікай колькасці выпадкаў – гэта складаныя рэчы, звязаныя з болем, непрыемнасцю і грахамі.

Вернікі на плошчы св. Пятра
Вернікі на плошчы св. Пятра

Папа заклікаў вернікаў не хаваць свайго жыцця, “мець мужнасць данесці гісторыю болю да Бога, дастукацца да сэрца Езуса, каб той даў аздараўленне. Гэтае сэрца спагадае чалавеку і любіць яго, бярэ на сабе яго боль, грахі, памылкі, няўдачы. “І для гэтага трэба зразумець Езуса, быць знаёмым з Ім”, чаму спрыяе штодзённае чытанне Евангелля, - заўважыў Святы Айцец.

“Заўсёды насіце маленькае кішэннае Евангелле і чытайце па ўрыўку кожны дзень. І там вы знойдзеце Езуса такім, які Ён ёсць. Вы знойдзеце Езуса, Які любіць нас, Які так моцна нас любіць”

, - пажадаў Папа.

Францішак завяршыў разважанне перад малітвай “Анёл Панскі” зваротам да Багародзіцы, “каб у кожнага ахрышчанага ўзрастала радасць веры і жаданне быць сведкам зладжанага жыцця, якое дае смеласць наблізіцца да Езуса і сказаць яму: “Пане, калі хочаш, можаш аздаравіць мяне!”.
 

16 жніўня 2020, 13:14