Пошук

Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" у Ватыкане Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" у Ватыкане 

Папа падчас “Анёл Панскі”: крыж – адзіны шлях хрысціяніна

Не скарацца перад абліччам выпрабаванняў і пакут, якія прадугледжвае сведчанне Евангелля, - заклікаў Пантыфік падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі” 30 жніўня 2020 г. у Ватыкане.

Святы Айцец пракаментаваў евангельскі ўрывак, у якім апавядаецца як пасля вызнання Пятром, ад імя ўсіх апосталаў, веры ў Езуса, як у Месію і Божага Сына, Хрыстус пачаў казаць ім пра сваю муку (Мц 16,21-27).

Па дарозе ў Ерузалем Ён адкрыта тлумачыў сваім сябрам тое, што Яго чакае ў святым горадзе: Ён прадвясціў сваю таямніцу смерці і ўваскрасення, прыніжэння і хвалы. Ён казаў, што павінен будзе “шмат выцерпець ад старэйшын, першасвятароў і кніжнікаў, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць” (Мц 16,21).

“Але Яго словы не былі зразуметы, бо вучні мелі яшчэ нясталую веру і вельмі звязаную з ментальнасцю гэтага свету (пар. Рым 12,2). Яны думалі пра перамогу, але вельмі “зямную”, таму не разумелі мовы крыжа”, - падкрэсліў Папа.

Перад абліччам перспектывы паразы і смерці Езуса на крыжы, Пётр абурыўся і сказаў: “Пашкадуй сябе, Пане, няхай не здарыцца гэтага з Табою” (Мц 16,22). Пётр быў такім: верыў у Езуса, прагнуў ісці за Ім, але не прымаў таго, што Яго хвала пралягае праз муку. “Для Пятра і іншых апосталаў – але таксама і для нас! – крыж, гэта штосьці нязручнае, гэта “скандал”, у той час як Езус лічыць “скандалам” пазбяганне крыжа, што азначае пазбяганне волі Айца, місіі, якую Ён нам даверыў дзеля нашага збаўлення. Таму Езус адказаў Пятру: “Адыдзі ад Мяне, сатана! Ты для Мяне спакуса, бо думаеш не аб тым, што Божае, але аб тым, што чалавечае” (Мц 16,23)”, - нагадаў Пантыфік.

Затым, звяртаючыся да ўсіх, Езус дадаў: “Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой, і ідзе следам за Мною” (Мц 16,24). Такім чынам Ён указвае шлях сапраўднага вучня, паказваючы дзве паставы. “Першая – “адрачэнне ад сябе”. Гэта не значыць павярхоўнае адрачэнне, але навяртанне, перамяненне ў разуменні каштоўнасцей. Іншая паставы – нясенне ўласнага крыжа.

Гаворка ідзе не толькі пра тое, каб з цярплівасцю зносіць штодзённыя турботы, але з верай і адказнасцю несці тую частку цяжкасцей і пакут, якія прадугледжвае барацьба са злом. Жыццё хрысціян – гэта заўсёды барацьба. Біблія кажа, што жыццё верніка – гэта змаганне, змаганне са злым духам, змаганне са злом”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Так “нясенне крыжа” становіцца ўдзелам з Хрыстом у збаўленні свету. “Думаючы пра гэта, мы робім так, што крыж, які вісіць на сцяне дома, ці маленькі крыжык, які носім на грудзі, ператвараецца ў знак жадання далучыцца да Хрыста ў служэнні з любоўю братам, асабліва самым малым і ўразлівым. Крыж – гэта святы знак Божай любові і ахвяры Езуса. Ён не павінен зводзіцца да аб’екта, які абараняе ад сурокаў, ці да дэкаратыўнага ўпрыгожвання.

Кожны раз, калі ўглядаемся ў вобраз укрыжаванага Хрыста, будзем думаць пра Яго, як пра сапраўднага Слугу Пана, які споўніў сваю місію, аддаючы жыццё, праліваючы сваю кроў дзеля адкуплення грахоў. Як наступства, калі хочам быць Яго вучнямі, мы пакліканы наследаваць Яго, аддаючы без лішкаў наша жыццё дзеля любові да Бога і бліжняга”, - сказаў Папа.

“Няхай Панна Марыя, з’яднаная са сваім Сынам аж да Кальварыі, дапаможа нам не скарацца перад абліччам выпрабаванняў і пакут, якія прадугледжвае сведчанне Евангелля для ўсіх нас”, - завяршыў сваё разважанне Святы Айцец.
 

30 жніўня 2020, 12:28