Папа да маладых аргентынцаў: ідзіце – не заставайцеся на месцы
У відэазвароце, распаўсюджаным 19 верасня 2020 г. архідыяцэзіяй Карыентэс, Пантыфік прывітаў удзельнікаў 41-й пілігрымкі моладзі Паўночна-Усходняй Аргентыны.
Сёлета духоўная ініцыятыва была рэалізавана ў анлайн-фармаце з прычыны пандэміі. “Я суправаджаю вас у гэтым віртуальным падарожжы, іншым, але ўсё ж падарожжы. Важна, каб вы ніколі не забывалі, што жыццё – гэта падарожжа”, - сказаў Папа ў відэароліку.
Нягледзячы на цяжкасці і “памылкі”, з якімі кожны можа сутыкнуцца на сваім шляху, мы заўсёды павінны старацца “ўстаць” і “вярнуцца на правільны шлях”, інакш рызыкуем стаць “статуяй, як жонка Лота”, - патлумачыў Пантыфік.
Штогадовая традыцыя пілігрымак бярэ пачатак у 1979 г. Звычайна ў падарожжа ў марыйны санктуацый Ітаці выпраўляецца да 300 тыс. маладых людзей.