Пошук

Францішак падчас агульнай аўдыенцыі Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 

Францішак заклікаў да лячэння сацыяльна-эканамічных “вірусаў”

“Нармальнасць, да якой мы пакліканы, – гэта нармальнасць Божага Валадарства”, дзе ўсім хапае хлеба, а сацыяльная арганізацыя грунтуецца на ўнёску, дзяленні і размеркаванні, - лічыць Святы Айцец.

Падчас агульнай аўдыенцыі 29 верасня 2020 г. у Ватыкане Францішак працягнуў цыкл катэхез аб наступствах пандэміі і хрысціянскіх спосабах выйсця з выкліканага ёй крызісу.

Пантыфік нагадаў, што хрысціяне запрошаны наследаваць Езуса Хрыста, які “збаўляе і аздараўляе свет” і, вылечваючы фізічныя хваробы, ачышчае душы, выкараняе “сацыяльныя пакуты”.

Толькі Езус адорвае патрэбнымі ласкамі, “каб любіць і лячыць, як Ён сам умеў рабіць, каб клапаціцца пра ўсіх, не зважаючы на расу, мову або нацыянальнасць”.

“Каб так магло стацца, трэба заўважаць і цаніць прыгажосць кожнага чалавека і кожнага стварэння”, - перакананы Францішак. Ён заклікаў памятаць пра тое, што кожны з нас быў зачаты ў сэрцы Бога (гл. Эф 1,3-5), кожны з нас жаданы, каханы і патрэбны (гл. Laudato si’, 65), бо “вызнанне гэтай праўды і ўдзячнасць за глыбокія сувязі нашай універсальнай супольнасці з усімі людзьмі і стварэннямі” выклікаюць “шчодры і сардэчны клопат” (Laudato si’, 220) і дапамагаюць убачыць Хрыста ў бедных і церпячых братах і сёстрах, сустрэцца з імі і пачуць іх крык і крык зямлі.

Папа заклікаў да хутчэйшай распрацоўкі палітыкі і сістэм сацыяльнай арганізацыі, якія б заахвочвалі да ўдзелу, да клопату і велікадушнасці, не пакідаючы месца абыякавасці, злоўжыванням і прыватным інтарэсам.

Толькі так, працягнуў Святы Айцец, можна адрадзіць грамадства і больш не вяртацца да “нармальнасці”, “хворай на несправядлівасць, няроўнасць і экалагічны заняпад”. “Нармальнасць, да якой мы пакліканы, – гэта нармальнасць Божага Валадарства”, дзе ўсім хапае хлеба, дзе “сацыяльная арганізацыя грунтуецца на ўнёску, дзяленні і размеркаванні, а не на валоданні, выключэнні і накапленні”, - заўважыў Папа.

Францішак вітае ўдзельнікаў агульнай аўдыенцыі
Францішак вітае ўдзельнікаў агульнай аўдыенцыі

“Каб выйсці з пандэміі, мы павінны вынайсці лячэнне не толькі каронавіруса, але таксама вялікіх чалавечых і сацыяльна-эканамічных вірусаў. І канешне мы не можам чакаць, што нашыя праблемы вырашыць эканамічная мадэль, якая ляжыць у аснове несправядлівага і няўстойлівага развіцця”, - сказаў Францішак.

Пантыфік даручыў “шлях аздараўлення” ад сацыяльна-эканамічных “вірусаў” заступніцтву Беззаганнай Дзевы Марыі і пажадаў, каб Бог дапамог чалавецтву “заразіцца” любоўю і распаўсюджваць надзею ў святле веры.
 

30 верасня 2020, 10:57