Францішак падпіша новую энцыкліку ў Асізі
3 кастрычніка 2020 г. Святы Айцец здзейсніць візіт у Асізі, дзе падпіша новую энцыкліку аб братэрстве і грамадскім сяброўстве пад назвай “Fratelli tutti” (Усе браты).
Зала Друку Апостальскай Сталіцы паінфармавала, што перад падпісаннем дакумента Пантыфік узначаліць св. Імшу ля магілы св. Францішка Асізсага.
Падкрэсліваецца, што ў сувязі з надзвычайнай эпідэміялагічнай сітуацыяй візіт пройдзе ў прыватнай форме. Падчас літургічнай цэлебрацыі не прадугледжана прысутнасць вернікаў. Пасля яе завяршэння Папа вернецца ў Ватыкан.
Дакумент стане трэцяй энцыклікай Францішка пасля “Lumen fidei” (2013) і “Laudato si’” (2015). Акрамя трох энцыклік Папа выдаў пяць Апостальскіх адгартацый: “Evangelii gaudium” (2013), “Amoris laetitia” (2016), “Gaudete et exsultate” (2018), “Christus vivit” (2019) і “Querida Amazonia” (2020).
05 верасня 2020, 12:49