Францішак: у цэнтры эканамічнай палітыкі павінен быць чалавек
Францішак скіраваў пасланне да банкіраў і менеджараў, якія 4-6 верасня 2020 г. прымаюць удзел у 46-м фармацыйным курсе “Forum Ambrosetti” у паўночнаітальянскім горадзе Чэрнобіа.
Пантыфік нагадаў некаторыя прынцыпы сваёй энцыклікі “Laudato si’”, указваючы шлях, які дапаможа выйсці лепшымі з надзвычайнай эпідэміялагічнай, эканамічнай і сацыяльнай сітуацыі, выкліканай пандэміяй COVID-19.
У першую чаргу Папа заклікаў адмовіцца ад “тэхнакратычнай парадыгмы”, якая грунтуецца на ўпэўненасці ў бязмежнасці энергіі і рэсурсаў планеты, а таксама на адмаўленні негатыўнага ўплыву маніпуляцый над навакольным асяроддзем. Тэхніка павінна служыць іншай мадэлі развіцця – больш здаровай, больш чалавечнай, больш сацыяльнай і больш цэласнай, - дадаў Пантыфік.
Паводле Францішка, пандэмія паказала не толькі веліч навукі і тэхнікі, але таксама іх абмежаванасць. Адначасова стала відавочнай важнасць шчодрасці і мужнасці, засведчанай вялікай колькасцю людзей. Пандэмія стварыла крызіс іерархіі каштоўнасцей, якая ставіла на вяршыню грошы і ўладу, а таксама заахвочвае ўсіх пераадольваць павярхоўнасць, імкнуцца да глыбокага і важнага.
Папа заклікаў да “экалагічнага навяртання” эканомікі. Трэба “запаволіць негуманны рытм спажывальніцтва і вытворчасці, каб навучыцца разумець і сузіраць прыроду, зноў з’яднацца з нашым рэальным асяроддзем”. Важна “быць крэатыўнымі, як рамеснікі, ствараючы новыя і арыгінальныя шляхі да агульнага дабра”.
Асаблівую ўвагу Пантыфік звярнуў на неабходнасць фармацыі і падтрымкі новых пакаленняў эканамістаў і прадпрымальнікаў. Ён заўважыў, што гэтай мэце будзе спрыяць форум “Эканоміка Францішка”, які 19-21 лістапада 2020 г. пройдзе ў Асізі.
Важна “інвеставаць у новыя пакаленні, якія стануць галоўнымі дзеючымі асобамі эканомікі заўтрашняга дня, фармаваць людзей, гатовых служыць грамадству, культуры сустрэчы”. “Сучасная эканоміка патрабуе вашай душы, узаемнага і пакорлівага братэрства, вашага жадання жыць, і толькі потым – вашых грошай”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Пантыфік заклікаў “мабілізаваць лепшыя сілы чалавецтва дзеля будавання лепшага свету”, “узняць вочы ўгару, мець высокія ідэалы і вялікія памкненні”, “ствараць новыя спосабы разумення эканомікі і прагрэсу, змагацца з рознымі формамі адчужэння, прапаноўваць новыя стылі жыцця, даючы голас тым, хто яго не мае”.