Францішак: пераадолець наступствы пандэміі ў духу субсідыярнасці
Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 23 верасня 2020 г. прайшла ва ўнутраным дворыку Апостальскага палаца ў Ватыкане, Францішак працягнуў цыкл катэхез аб наступствах пандэміі і заклікаў супольна адказаць на існуючыя праблемы.
“Часта, на жаль, многія не могуць удзельнічаць у адбудове агульнага дабра, бо іх адхіляюць, выключаюць ці ігнаруюць. Некаторыя сацыяльныя групы не маюць магчымасці зрабіць свой унёсак, бо іх душаць эканамічна і палітычна. У грамадстве асобных краін у многіх няма свабоды выражаць сваю веру, свае каштоўнасці, свае ідэі. Калі яны робяць гэта – іх знявольваюць. У іншых, асабліва ў заходнім свеце, многія падаўляюць уласныя этычныя ці рэлігійныя перакананні. Але так немагчыма выйсці з крызісу, у любым выпадку, немагчыма выйсці з яго лепшымі”, - сказаў Папа.
Святы Айцец падкрэсліў, што важнае значэнне тут мае прынцып субсідыярнасці. Ён нагадаў, што ўмяшанне дзяржавы патрэбна для дапамогі людзям і супольнасцям, якія перажываюць цяжкасці і не могуць самастойна вырашыць сваіх праблем. З іншага боку, важнымі з’яўляюцца таксама ініцыятывы, якія зыходзяць знізу – з боку прамежкавых і малых груп: людзей, сем’яў, прадпрыемстваў, грамадзянскай супольнасці, рэлігійных структур.
“На жаль, гэта несправядлівасць часта праяўляецца там, дзе канцэнтруюцца вялікія эканамічныя і геапалітычныя інтарэсы, як, напрыклад, некаторыя віды здабыўнай прамысловасці ў пэўных зонах планеты. Голас карэнных народаў, іх культура і светапогляд не бяруцца пад увагу. Сёння адсутнасць павагі да прынцыпу субсідыярнасці, распаўсюджана як вірус”, - лічыць Папа.
У барацьбе з вірусам улады з большай увагай ставяцца да буйных фармацэўтычных кампаній, а не да медработнікаў, якія знаходзяцца на перадавой. “Гэта няправільны шлях”, - падкрэсліў Святы Айцец.
“Каб выйсці з крызісу лепшымі, трэба ажыццяўляць прынцып субсідыярнасці, ставячыся з павагай да аўтаноміі і ініцыятыўных здольнасцей кожнага, асабліва самага апошняга. Усе часткі грамадства неабходныя, і, як кажа св. Павел, тыя з іх, якія могуць здавацца слабымі і менш важнымі, на самой справе больш патрэбныя. (...) Прынцып субсідыярнасці дазваляе кожнаму адыгрываць уласцівую яму ролю ў клопаце пра грамадства і свой лёс. Рэалізацыя гэтага прынцыпу дае надзею на больш здаровую і справядлівую будучыню”, - лічыць Папа.
“Сапраўды, няма сапраўднай салідарнасці без удзелу ў жыцці грамадства, без укладу прамежкавых груп: сям’яў, асацыяцый, кааператываў, малых прадпрыемстваў, грамадзянскай супольнасці. Усе павінны рабіць свой унёсак. Гэты ўдзел дапамагае прафілактыцы і выпраўленню некаторых негатыўных аспектаў глабалізацыі і дзейнасці дзяржаў, як, напрыклад, адбылося ў выпадку людзей, закранутых пандэміяй. Гэты ўклад “знізу” павінен стымулявацца”, - заклікаў Пантыфік.
Святы Айцец нагадаў пра важную ролю медыкаў і валанцёраў у барацьбу з каронавірусам, пацвярджэннем чаго былі апладысменты, якія часта гучалі ў іх адрас. Ён заклікаў не спыняцца на апладысментах, але імкнуцца будаваць будучыню, у якой мясцовае і глабальнае вымярэнні будуць узаемна ўзбагачацца, “дзе прыгажосць і багацце меншых груп, у тым ліку адчужаных, змогуць расквітнець, і дзе той, хто мае больш, будзе намагацца служыць і даваць больш тым, хто мае менш”.