Францішак: Бог глядзіць на шчодрасць, з якой служым Яму
Святы Айцец пракаментаваў евангельскую прыпавесць пра работнікаў, якіх гаспадар паклікаў працаваць у свой вінаграднік (Мц 20,1-16). З дапамогай гэтага апавядання Езус хоча паказаць як дзейнічае Бог, - заўважыў Папа.
Паводле Францішка, евангельскі гаспадар – вобраз Бога, які кліча ўсіх і кліча заўсёды. “Бог робіць гэта таксама і сёння: Ён працягвае клікаць кожнага, у кожны час, запрашаючы працаваць у Яго Валадарстве. Гэта стыль Бога, які мы пакліканы распазнаваць і прымаць. Ён не закрыўся ў сваім свеце, а пастаянна выходзіць. Бог заўсёды выходзіць, шукаючы людзей, бо хоча, каб ніхто не застаўся выключаным з Яго задумы любові”, - сказаў Папа.
Пантыфік падкрэсліў, што таксама і хрысціянскія супольнасці пакліканы выходзіць за рознага роду “межы”, якія могуць існаваць, каб несці ўсім слова збаўлення, якое прынёс Езус.
Гаворачы пра аплату працы работнікам вінаградніка, Папа заўважыў, што гаспадар дамовіўся з тымі, якія працавалі ад раніцы, аб заробку ў адзін дынар за дзень. Тым, якія прыйшлі пазней, ён сказаў: “Я справядліва заплачу вам” (Мц 20,4), а напрыканцы дня загадаў даць ім такую ж плату – адзін дынар. Работнікі, якія працавалі ад раніцы абурыліся, але гаспадар настойваў на максімальнай плаце для ўсіх, нават для тых, хто прыйшоў апошнім. Бог заўсёды плаціць па-максімуму.
“Бог насамрэч робіць так: Ён не глядзіць на час і вынікі, але на гатоўнасць і шчодрасць з якой служым Яму. Яго ўчынкі больш чым справядлівыя. Яны пераўзыходзяць справядлівасць і аб’яўляюцца ў ласцы. Усё – ласка. Наша збаўленне – ласка, наша святасць – ласка. Дорачы нам ласку, Ён плаціць нам, больш чым мы заслугоўваем. І тады той, хто кіруецца чалавечай логікай, гэта значыць заслугамі, здабытымі дзякуючы ўласнай спрытнасці, з першага пераўтвараецца ў апошняга… Хто з пакорай перад міласэрнасцю Айца давяраецца Яму з апошняга пераўтвараецца ў першага”, - сцвердзіў Святы Айцец.
“Няхай Найсвяцейшая Марыя дапаможа нам кожны дзень адчуваць радасць і захапленне ад таго, што з’яўляемся пакліканымі Богам працаваць для Яго на Яго полі, якім ёсць свет, у Яго вінаградніку, якім ёсць Касцёл, а таксама мець у якасці адзінай аплаты Яго любоў, сяброўства Езуса, які ёсць усім для нас”, - завяршыў сваё разважанне Францішак.