Святы Айцец: Марыя збірае ў сваіх абдымках усіх нас
У сувязі ў пандэміяй трохдзённае духоўнае падарожжа праходзіла ў фармаце відэаканферэнцыі. “Часам, і не толькі часам, шлях становіцца складаным. У гэты перыяд пандэміі і шматлікіх пагроз для здароўя, моцнага страху, вялікіх нястачаў, ён з’яўляецца яшчэ больш цяжкім. Таму мы ўсе патрабуем абдымкаў Марыі”, - сцвердзіў Пантыфік.
Спасылаючыся на сведчанні некаторых жанчын, Францішак заўважыў, што адно з галоўных заданняў маці заключаецца ў тым, каб сабраць разам сваіх дзяцей, нават калі яны вельмі розныя. “Так Багародзіца робіць і з намі. Мы ўсе розныя, але Яна, Маці, збірае ў сваіх абдымках усіх нас”, - запэўніў Святы Айцец.
Віртуальная пілігрымка ў аргентынскі марыйны санктуарый завяршылася 27 верасня 2020 г. св. Імшой, якая трансліравалася на старонках мясцовай дыяцэзіі ў сацыяльных сетках.
Маці Божая Луханская з’яўляецца апякункай Аргентыны, Уругвая і Парагвая. Яе цудатворная фігурка захоўваецца ў базыліцы Маці Божай у мястэчку Лухан, у правінцыі Буэнас-Айрэс у Аргентыне. 60-сантыметровая тэракотавая статуэтка была зроблена каля 1630 г. У 1887 г. яна была каранавана папскімі каронамі.