Пошук

Францішак падчас сустрэчы з Гарэгінам ІІ Францішак падчас сустрэчы з Гарэгінам ІІ 

Пантыфік прыняў у Ватыкане Каталікоса ўсіх армян

Францішак прыняў Каталікоса ўсіх армян 27 верасня 2020 г. раніцай у Доме св. Марты перад малітвай “Анёл Панскі”. Гэту інфармацыю пацвердзіла Зала Друку Апостальскай Сталіцы.

Канфлікт паміж Азербайджанам і Арменіяй вакол Нагорнага Карабаха быў, па словах пастыра Армянскай Апостальскай Царквы Гарэгіна II, галоўнай тэмай яго сустрэчы са Святым Айцом.

У інтэрв’ю “Il Messaggero” іерарх прызнаўся, што прасіў у Апостальскай Сталіцы дапамогі і тлумачыў, што адбываецца на самой справе. Ён звярнуў увагу на атаку Азербайджана ўздоўж усёй мяжы з Нагорным Карабахам, здзейсненую з выкарыстаннем самых новых відаў цяжкага ўзбраення, артылерыі і нават беспілотных лятальных апаратаў, якія атакавалі населеныя пункты Нагорнага Карабаха. На жаль, ёсць ахвяры.

Гарэгін II падкрэсліў, што гэта было зроблена пры падтрымцы Турцыі, якая хоча ўмацаваць свае ваенныя пазіцыі ў рэгіёне. Ён нагадаў, што складанае нацыянальнае пытанне ў Нагорным Карабаху стала спадчынай савецкіх часоў, калі тэрыторыя, дзе дамінуюць армяне, была ўключана ў склад Азербайджана. Гэта было прычынай вайны 1988-1994 гг.

Каталікос усіх армян пацвердзіў супрацоўніцтва абедзвюх Цэркваў і выказаў удзячнасць Святому Айцу за словы, сказаныя пасля малітвы “Анёл Панскі”.

“Малюся аб міры на Каўказе і прашу бакі канфлікту зрабіць канкрэтныя жэсты добрай волі і братэрства, якія змогуць прывесці да вырашэння праблем не з выкарыстаннем сілы і зброі, але шляхам дыялогу і перамоў”, - заклікаў у мінулую нядзелю Францішак.
 

29 верасня 2020, 12:41