Францішак скіраваў зварот да хворых і пажылых святароў
17 верасня 2020 г. Папа скіраваў пасланне з нагоды Дня малітвы і братэрства з пажылымі і хворымі святарамі ў італьянскай Ламбардыі. Ініцыятыва праводзіцца ў Касцёле на поўначы Італіі з 2014 г. Яе галоўныя набажэнствы праходзяць у санктуарыі Маці Божай з Караваджа пры ўдзеле біскупаў і духавенства рэгіёна.
Святы Айцец высока ацаніў увагу пастыраў да самай уразлівай часткі прэзбітэрату. Пажылыя і хворыя святары, паводле Папы, здзяйсняюць важнае служэнне ў Касцёле праз сваю малітву, уменне слухаць, ахвяраванне пакут.
“Дзякуй за сведчанне вернай любові да Бога і Касцёла. Дзякуй за маўклівае абвяшчэнне Евангелля жыцця. Дзякуй за тое, што з’яўляецеся жывой памяццю, да якой неабходна звяртацца, каб будаваць заўтрашні дзень Касцёла”, - напісаў Францішак.
Пантыфік спаслаўся на цяжкасці, выкліканыя пандэміяй і звязаныя з доўгім знаходжаннем у замкнёнай прасторы, страхам заражэння, усведамленнем уласнай неабароненасці. Ён выказаў спадзяванне на тое, што гэты перыяд, навучыць цаніць час, падораны нам, адчуваць смак сустрэчы з іншымі людзьмі; дапаможа аздаравіцца ад вірусу самадастатковасці. “Не забудзем гэты ўрок!”, - заклікаў Пантыфік.
Святы Айцец падкрэсліў, што пакуты ў жыцці святара, калі перажываюцца з позіркам, скіраваным да Бога, могуць служыць духоўнаму ачышчэнню і асвячэнню “Не будзем баяцца пакут: Пан нясе крыж разам з намі”, - запэўніў Францішак.