Пантыфік: ядзерная зброя – пагроза для ўсяго чалавецтва
“Будзем прасіць Пана аб дары міру, аб свеце без зброі масавага знішчэння. Будзем намагацца вызваліць чалавецтва ад ядзернай зброі, сур’ёзнай пагрозы для роду чалавечага”, - заклікаў Францішак праз свой акаўнт у “Твітэры”.
Арганізацыя Аб’яднаных Нацый звяртае ўвагу на тое, што нягледзячы на рост міжнароднай напружанасці, дактрына ядзернага стрымлівання таксама і сёння з’яўляецца важным элементам у сферы бяспекі шматлікіх дзяржаў, а палова насельніцтва планеты прыжывае ў краінах, якія валодаюць ядзернай зброяй ці ўваходзяць у адпаведныя альянсы.
Генеральная Асамблея ААН будзе абмяркоўваць тэму ядзернага разбраення 2 кастрычніка 2020 г. Важнымі элементамі на шляху да свету, свабоднага ад ядзернай зброі, з’яўляецца Дамова аб нераспаўсюджванні ад 1970 г. і Дамова аб забароне ядзернай зброі ад 2017 г., адным з першых падпісантаў якой стала Апостальская Сталіца.
Падчас візіту ў Хірасіму ў лістападзе 2019 г. Фрацнішак звярнуўся з пасланнем міру, падчас якога падкрэсліў, што выкарыстанне ядзернай энергіі ў якасці зброі з’яўляецца не толькі злачынствам супраць чалавека і яго годнасці, але таксама супраць магчымасці будучыні на планеце. “Выкарыстанне ядзернай энергіі ў ваенных мэтах з’яўляецца амаральным, як амаральным ёсць валоданне ядзернай зброяй”, - казаў Папа.
Міжнародны дзень барацьбы за поўную ліквідацыю ядзернай зброі адзначаецца штогадова 26 верасня. Ён быў устаноўлены ў снежні 2013 г. Генеральнай Асамблеяй ААН.