Пошук

Папа падчас "Анёл Панскі" Папа падчас "Анёл Панскі" 

Папа на “Анёл Панскі” пра сувязь справядлівасці і міласэрнасці

“Колькіх пакут, ран, войнаў можна было б пазбегнуць, калі б прабачэнне і міласэрнасць заставаліся нашым ладам жыцця!”, - сказаў Папа 13 верасня 2020 г. у разважанні перад малітвай “Анёл Панскі”.

Францішак спаслаўся на евангельскі ўрывак (Мц 18, 21-35) Літургіі слова 24-й Звычайнай нядзелі, які змяшчае прыпавесць пра неміласэрнага даўжніка. Пантыфік нагадаў, што яго асновай была спагадлівасць уладара да запазычанага перад ім слугі. Але той паступіў бязлітасна да свайго таварыша, які быў вінен яму невялікую суму.

Папа звярнуў увагу на тое, што ў евангельскім тэксце можна ўбачыць стаўленне Бога, дзе справядлівасць прасякнута міласэрнасцю, і чалавечае стаўленне, якое застаецца абмежаваным справядлівасцю.

“Езус заклікае нас смела адкрыцца на моц прабачэння, бо не ўсё ў жыцці вырашаецца справядлівасцю”

, - сказаў Францішак.

Ён заклікаў кіравацца міласэрнай любоўю на ўсіх узроўнях. “Ва ўсіх міжасобасных адносінах неабходна ўжываць міласэрную любоў: паміж мужам і жонкай, паміж бацькамі і дзецьмі, у нашых супольнасцях, а таксама ў грамадстве і палітыцы”, - сказаў Святы Айцец.

Папа спаслаўся на словы малітвы “Ойча наш” і падкрэсліў, што чалавек не можа патрабаваць ад Бога прабачэння, калі сам не даруе бліжняму. Ён заахвоціў усведамляць, наколькі мы абавязаны Богу, і заўсёды памятаць пра гэта, каб трымаць душу адкрытай для міласэрнасці і дабра.
 

13 верасня 2020, 13:08