Папа: інвеставаць у навуку і моладзь, каб прадухіліць варожасць
Пантыфік нагадаў пра вялікую патрэбу ў міратворцах, якую мае сучасны свет, што пакутуе ад “фрагментарнай сусветнай вайны”. “На жаль, мы павінны прызнаць, што свет дагэтуль занураны ў атмасферу вайны і ўзаемнага насілля. Гэта балючая рэчаіснасць не толькі патрабуе заклікаў да міру, але амаль прымушае нас задаць сабе важныя пытанні”, - напісаў ён.
Францішак заўважыў, што адказы на гэтыя пытанні не могуць быць агульнымі і паспешлівымі. Для іх патрэбна грунтоўнае вывучэнне праблем, інвеставанне ў навуку і выхаванне моладзі. У сувязі з гэтым ён звярнуў увагу на важнасць спецыяльнага фармацыйнага курса для міратворцаў, які існуе ў Папскім латэранскім універсітэце. Яго ўзнікненне грунтуецца на перакананасці ў тым, што Касцёл павінен прымаць удзел у “вырашэнні праблем, якія тычацца міру, згоды, навакольнага асяроддзя, абароны жыцця, чалавечых і грамадзянскіх правоў”.
Папа асаблівым чынам падкрэсліў важнасць укладу ўніверсітэцкіх асяродкаў у спрыянне міру і культурнага абнаўлення, якога патрабуе свет. Гэты выклік тычыцца таксама Касцёла, які, дзякуючы сваёй сетцы ўніверсітэтаў, можа зрабіць фундаментальны ўклад, прапануючы закваску, соль і святло Евангелля Езуса Хрыста і жывой Традыцыі Касцёла, заўсёды адкрытай на новыя сцэнарыі і новыя прапановы.
“Мы па-сапраўднаму патрабуем людзей, добра падрыхтаваных і надзеленых усім неабходным для таго, каб чытаць і інтэрпрэтаваць дынаміку сацыяльных, эканамічных і палітычных працэсаў нашага часу”, - напісаў Папа.
Пакліканне свецкіх вернікаў – гэта, на думку Пантыфіка, любоў у сям’і, палітыцы і соцыуме, канкрэтныя ініцыятывы на карысць новага грамадства, евангелізацыя свету, пашырэнне міру, згоды, справядлівасці, правоў чалавека, міласэрнасці. І гэта ўсё з’яўляецца будаваннем Божага Валадарства.