Папа падчас агульнай аўдыенцыі: сузіраць і бараніць стварэнне
Працягваючы цыкл катэхез аб наступствах пандэміі каронавіруса, Святы Айцец звярнуў увагу на важнасць клопату пра бліжніх і Божае стварэнне. Паводле яго, здольнасць браць на сябе клопат пра іншых – гэта залатое правіла нашай чалавечнасці, вынікам якога з’яўляюцца здароўе і надзея.
“Гэтым клопатам мы павінны агарнуць таксама наш супольны дом: зямлю і кожнае стварэнне. Усе формы жыцця ўзаемазвязаны, а наша здароўе залежыць ад здароўя экасістэм, якія Бог стварыў і аб якіх нам загадаў клапаціцца. Злоўжыванне імі – цяжкі грэх, які нясе шкоду, вядзе да зла і хвароб. Лепшым супрацьяддзем ад такога неналежнага выкарыстання нашага супольнага дому з’яўляецца сузіранне”, - зазначыў Пантыфік.
Калі людзі не ўмеюць спыніцца, захапляючыся прыгажосцю стварэння, яно становіцца прадметам эксплуатацыі. Але наш супольны дом, гэта не проста “рэсурс”. Любое стварэнне каштоўнае само па сабе, “адлюстроўваючы, кожнае па-свойму, святло бясконцай мудрасці і дабрыні Бога”.
Без сузірання можна з лёгкасцю ўпасці ў неўраўнаважаны і высакамерны антрапацэнтрызм, які пераацэньвае ролю чалавека, ставячы яго на месца абсалютнага ўладара ўсіх іншых стварэнняў. Скажоная інтэрпрэтацыя біблійных тэкстаў аб стварэнні паспрыяла з’яўленню такога памылковага погляду, які прывёў да эксплуатацыі зямлі.
“Мы лічыць сябе цэнтрам, прэтэндуем заняць месца Бога і такім чынам парушаем гармонію стварэння, гармонію Божай задумы. Мы становімся драпежнікамі, забываючы пра наша пакліканне абаронцаў жыцця. Вядома, мы можам і павінны апрацоўваць зямлю, каб жыць і развівацца. Але праца – не сінонім эксплуатацыі. Яна заўсёды павінна суправаджацца клопатам: араць і абараняць, апрацоўваць і клапаціцца… Вось наша місія. Мы не можам прэтэндаваць на рост матэрыяльнага ўзроўню без клопату пра супольны дом, які нас прымае. Нашы самыя бедныя браты і наша Маці Зямля стогнуць ад шкоды і несправядлівасці, якія мы чынім, і заклікаюць змяніць кірунак, заклікаюць нас да навяртання: клапаціцца пра зямлю, пра стварэнне”, - сцвердзіў Пантыфік.
Сузіранне, якое вядзе да клопату, не азначае вонкавага позірку на прыроду, але здзяйсняецца знутры, з прызнаннем сябе часткай стварэння, становячыся галоўнымі дзеючымі асобамі, а не простымі гледачамі аморфнай рэальнасці, прызначай выключна для яе эксплуатавання. Хто сузірае такім чынам адчувае захапленне не толькі тым, што бачыць, але таксама адчувае сябе неад’емнай часткай гэтай прыгажосці, адчувае сябе пакліканым ахоўваць і абараняць яе, - заўважыў Пантыфік.
“Чалавек, які ўмее сузіраць, з большай лёгкасцю ўключыцца ў справу змены таго, што прыносіць заняпад і шкоду здароўю. Ён будзе вучыць і спрыяць прасоўванню новых звычак у сферы вытворчасці і спажывання, будзе спрыяць новым мадэлям эканамічнага росту, якія забяспечаць павагу на супольнага дома і людзей. Чалавек, які сузірае, у сваіх дзеяннях імкнецца стаць абаронцам стварэння, (…) спрабуючы злучыць спрадвечныя веды тысячагадовых культур з новымі тэхнічнымі ведамі, каб наш лад жыцця станавіўся ўстойлівым”, - дадаў Папа.
Пантыфік выказаў падзяку карэнным народам, шматлікім рухам і асацыяцыям за працу па ахове стварэння. Яны не заўсёды ацэнены належным чынам, а часам сустракаюцца з перашкодамі, але на самой справе спрыяюць мірнай рэвалюцыі, “рэвалюцыі клопату”.
“Не трэба дэлегаваць толькі некаторым людзям тое, што з’яўляецца абавязкам кожнага чалавека. Кожны з нас можа і павінен стаць “ахоўнікам супольнага дома”, здольным праслаўляць Бога за Яго стварэнне, сузіраць і абараняць яго”, - завяршыў катэхезу Францішак.