Пошук

Папа падчас сустрэчы з дэлегацыяй цэнтра "Sonnenschein" Папа падчас сустрэчы з дэлегацыяй цэнтра "Sonnenschein" 

Святы Айцец да дзяцей: падзяка – малітва, якая падабаецца Богу

21 верасня 2020 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегацыю з аўстрыйскага цэнтра для дзяцей з разладам аўтыстычнага спектра “Sonnenschein” (Ззянне сонца).

Спасылаючыся на назву ўстановы, Францішак параўнаў дзяцей з кветкамі, якія расцвілі пад сонечнымі промнямі. “Кожная кветка мае сваю прыгажосць, якая з’яўляецца ўнікальнай. Гэта выклікае ў нас патрэбу сказаць Богу: “Дзякуй!”. Дзякуй за дар жыцця, дзякуй за ўсе стварэнні! Дзякуй за маму і тату! Дзякуй за нашы сем’і! А таксама дзякуй за сяброў па цэнтры “Sonnenschein”!”, - сказаў ён.

Папа нагадаў дзецям, што падзяка – гэта цудоўная малітва, якая падабаецца Пану. Разам з тым можна папрасіць Бога, каб дапамог маці і тату на працы; каб адарыў суцяшэннем хворую бабулю; каб паклапаціўся пра дзяцей, якія галадаюць; каб дапамог Папу добра кіраваць Касцёлам. “Калі вы папросіце з верай, Пан безумоўна выслухае вас”, - запэўніў Францішак.

Святы Айцец выказаў удзячнасць бацькам і супрацоўнікам Цэнтра за клопат аб дзецях, якія ім былі давераны, і нагадаў словы Езуса Хрыста: “Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі” (Мц 25, 40). Напрыканцы аўдыенцыі Папа на нямецкай мове папрасіў сваіх гасцей маліцца за яго.
 

21 верасня 2020, 12:27