Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: гарантаваць паўсюдны доступ да пітной вады

Права доступу да пітной вады і санітарыі павінна гарантавацца не асобнымі краінамі, а ўсёй міжнароднай супольнасцю - падкрэсліў прадстаўнік Святога Пасаду ў ААН.

У рамках 45-сесіі Рады па правах чалавека, якая праходзіць з 14 верасня па 6 кастрычніка 2020 г. у Жэневе, арцыбіскуп Іван Юркавіч узяў удзел у інтэрактыўнай дыскусіі на тэму вады і санітарыі.

Дыпламат нагадаў, што 10 гадоў таму Генеральная Асамблея ААН прыняла рэзалюцыю аб прызнанні доступу да пітной вады правам чалавека і ўключыла яго ва Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека 1948 г. З таго часу часта абвяшчаецца, што вада – важнейшы элемент для жыцця людзей і планеты, а будучыня чалавецтва залежыць ад нашай здольнасці берагчы яе і дзяліцца ёй. Тым не менш, неабходна прыкласці яшчэ вельмі шмат намаганняў, каб гэта права гарантавалася паўсюдна, - заўважыў арцыбіскуп.

Паводле Пастаяннага назіральніка Святога Пасаду ў ААН, поўная рэалізацыя права чалавеча на ваду і санітарыю не можа быць ускладзены на асобныя дзяржавы, бо адказнасць за тое, каб нашы грамадствы развіваліся больш інтэгральна і ўстойліва, ляжыць на ўсіх.

Доступ да вады і санітарыі – гэта не толькі фундаментальная чалавечая патрэба, але і важнейшы элемент для здароўя планеты і яе насельніцтва. Акрамя таго, права на ваду, як і ўсе іншыя правы, грунтуецца на чалавечай годнасці, а не на адносінах да яе як да выключна эканамічнага рэсурса, - дадаў арцыбіскуп Юркавіч.

Ватыканскі дыпламат заклікаў міжнародную супольнасць адказаць на важную патрэбу ў новай салідарнасці дзеля абароны прыродных рэсурсаў, а таксама падкрэсліў, што кіраванне воднымі рэсурсамі, павінна абапірацца на сацыяльную адказнасць, экалагічную ментальнасць і салідарнасць паміж краінамі.
 

18 верасня 2020, 09:47