Fratelli tutti: абнародаваны тэкст новай энцыклікі Францішка
Дакумент быў падпісаны 3 кастрычніка 2020 г. у італьянскім Асізі. Гэта трэцяя энцыкліка папы Францішка пасля “Lumen fidei” (2013) і “Laudato si’” (2015).
Сам Пантыфік называе яе “сацыяльнай”. Назвай для дакумента паслужылі словы з “Напамінаў” св. Францішка Асізскага, з якімі ён звяртаўся “да ўсіх братоў і сясцёр”, каб прапанаваць ім “мадэль жыцця са смакам Евангелля”.
Скажэнні сучаснай эпохі
Першы з васьмі раздзелаў энцыклікі – “Цені замкнёнага свету” – сканцэнтраваны на шматлікіх скажэннях сучаснай эпохі: на маніпуліраванні і дэфармацыі такіх паняццяў, як дэмакратыя, свабода, справядлівасць; на эгаізме і абыякавасці да супольнага дабра; на перавазе рыначнай логікі, што грунтуецца на пошуку выгады і на культуры адкідання; на беспрацоўі, расізме, беднасці; на няроўнасці правоў і іх невыкананні, што выліваецца ў нявольніцтва, гандаль людзьмі, арэчаўленне жанчын, іх гвалтаванне і змушэнне да аборту; на гандлі чалавечымі органамі (10-24). Папа падкрэслівае, што гаворка ідзе пра глабальныя праблемы, якія патрабуюць глабальных дзеянняў. Ён асуджае таксама “культуру муроў”, якая, сеючы страх і самотнасць, спрыяе распаўсюджванню мафіі (27-28).
Салідарна адказныя за будаўніцтва грамадства
У якасці адказу на мноства пералічаных “ценяў” энцыкліка прапануе прыклад Добрага Самараніна. Яму прысвечаны другі раздзел дакумента – “Чужынец на дарозе”, у якім Францішак сцвярджае, што ў хворым грамадстве, якое адварочваецца ад болю і застаецца “недасведчаным” у справе клопату пра слабых і ўразлівых (64-65), усе мы пакліканы праяўляць блізкасць да іншага (81), пераадольваючы прадузятасць і асабістыя інтарэсы. Усе мы з’яўляемся салідарна адказнымі за будаўніцтва грамадства, здольнага залучаць, інтэграваць і суцяшаць тых, хто пакутуе (77). Любоў будуе масты, і мы “створаны для любові” (88), нагадвае Папа, заклікаючы найперш хрысціян бачыць Хрыста ў абліччы кожнага адкінутага (85).
Духоўны рост вызначаецца любоўю, таксама да чужынцаў
Здольнасць любіць у яе “ўніверсальным вымярэнні” (83) разглядаецца і ў трэцім раздзеле энцыклікі – “Задумваць і ствараць адкрыты свет”. Пантыфік заклікае “выходзіць па-за межы саміх сябе”, каб знаходзіць у іншых “умацаванне быцця” (88), адкрываючыся на бліжняга згодна з дынамізмам любові, якая штурхае да “ўніверсальнага адзінства” (95). Францішак падкрэслівае, што духоўны рост чалавечага жыцця вызначаецца любоўю, якая заахвочвае шукаць дабра для другога чалавека (92-93). Ён нагадвае пра неабходнасць ахоўваць і паважаць сям’ю з яе “першаснай і неад’емнай выхаваўчай місіяй” (114), бо менавіта ўнутры яе зараджаюцца пачуцці салідарнасці і братэрства.
Нікому нельга адмаўляць у праве на годнае жыццё, і, паколькі правы не маюць меж, ніхто не можа быць адкінуты, незалежна ад таго, дзе нарадзіўся (121). З гэтага пункту гледжання Пантыфік заклікае падумаць пра “этыку міжнародных адносін” (126), таму што кожная краіна належыць і чужынцам; патрабуючым і выхадцам з іншых месцаў нельга адмаўляць у дабротах тэрыторыі. Такім чынам, Папа нагадвае пра першаснасць прынцыпу ўніверсальнага прызначэння дабротаў адносна натуральнага права на прыватную ўласнасць (120). Асобная ўвага надаецца пытанню знешняй запазычанасці дзяржаў: не аспрэчваючы абавязку яе выплаты, Святы Айцец выказвае пажаданне, каб гэтае патрабаванне не ставіла пад небяспеку рост найбольш бедных краін і іх забяспечанасць сродкамі да існавання (126).
Прымаць, абараняць, інтэграваць мігрантаў
Тэме міграцыі часткова прысвечаны другі раздзел энцыклікі і цалкам – чацвёрты: “Сэрца, адкрытае на ўвесь свет”. Пантыфік заклікае прымаць, абараняць, інтэграваць і спрыяць развіццю мігрантаў з іх “змучанымі жыццямі” (37), што праходзяць ва ўцёках ад войнаў, пераследу, стыхійных бедстваў, несумленных гандляроў. Справядлівай раўнавагай для краін, якія прымаюць мігрантаў, будзе абарона правоў грамадзян і забеспячэнне прыняцця і падтрымкі мігрантаў (38-40). Папа пералічвае асобныя “жыццёва важныя меры рэагавання” на ўцёкі ад “глыбокіх гуманітарных крызісаў”: павялічыць колькасць і спрасціць працэдуру атрымання віз; адкрыць гуманітарныя калідоры; гарантаваць бежанцам прытулак, бяспечнасць і першасныя паслугі; даць магчымасць працы і адукацыі; спрыяць уз’яднанню сем’яў; абараняць непаўналетніх; забяспечыць рэлігійную свабоду. Падкрэсліваецца асаблівая важнасць глабальнага кіраўніцтва міграцыяй, якое б рэалізоўвала маштабныя доўгатэрміновыя праекты ў імя салідарнага развіцця ўсіх народаў (129-132).
Заданне палітыкі – абараняць фундаментальныя правы чалавека
“Найлепшая палітыка” – менавіта так гучыць назва пятага раздзела – увасабляе, на думку Францішка, адну з найбольш каштоўных форм чалавекалюбства, таму што служыць усеагульнаму дабру (180) і ўсведамляе важнасць народа як адкрытай супольнасці, гатовай да дыскусій і дыялогу (160). Ёй супрацьпастаўляецца “папулізм”, які ігнаруе законнасць паняцця “народ” і дабіваецца кансэнсусу, каб падпарадкаваць яго ўласным інтарэсам (159). Найлепшая палітыка, заўважае Папа, ахоўвае працу – “неад’емнае вымярэнне сацыяльнага жыцця”, імкнучыся забяспечыць кожнага чалавека магчымасцю для развіцця сваіх здольнасцей (162). Эфектыўная стратэгія барацьбы з беднасцю не абмяжоўваецца ўтрыманнем патрабуючых, але намагаецца спрыяць іх развіццю ў духу салідарнасці і субсідыярнасці (187). Заданне палітыкі – знайсці рашэнне адносна ўсяго, што парушае фундаментальныя правы чалавека: сацыяльнай ізаляцыі; гандлю чалавечымі органамі, зброяй і наркотыкамі; сексуальных злоўжыванняў; нявольніцкай працы; тэрарызму і арганізаванага злачынства. Францішак заклікае канчаткова вынішчыць гандаль людзьмі – “ганьбу чалавецтва”, і голад, які таксама з’яўляецца злачынствам, бо харчаванне – “неад’емнае права” чалавека (188-189).
Патрэбна палітыка, сканцэнтраваная на годнасці чалавека і не падпарадкаваная фінансам, бо “рынак сам па сабе нічога не вырашае”: гэта даказалі “кровапраліцці”, справакаваныя фінансавымі спекуляцыямі (168), адзначае Святы Айцец. У гэтым святле асаблівую важнасць набываюць народныя рухі: сапраўдныя “патокі маральнай энергіі”, яны павінны быць часткай грамадства. Тады можна будзе перайсці ад палітыкі ў інтарэсах бедных да палітыкі саміх бедных і разам з беднымі (169). Яшчэ адно пажаданне, выказанае ў энцыкліцы, датычыць рэформы ААН: ва ўмовах панавання эканамічнага вымярэння заданнем Арганізацыі бачыцца канкрэтызацыя паняцця “сям’я нацый” і праца на карысць усеагульнага дабра, выкараненне беднасці і абарона правоў чалавека. Нястомна звяртаючыся да “перамоў, сяброўскай падтрымкі і арбітражу”, ААН павінна пашыраць моц права (173-175).
Жыць культурай сустрэчы з усімі
З шостага раздзела – “Дыялог і сацыяльнае сяброўства” – вынікае канцэпцыя жыцця як культуры сустрэчы з усімі, у тым ліку з перыферыямі свету і з карэннымі народамі, таму што “ад усіх можна нечаму навучыцца і ніхто не бескарысны” (215). Францішак заклікае да адраджэння “цуду ветлівасці”, якую называе “зоркай у цемры”, “вызваленнем з жорсткасці, страху і рассеянай спешнасці”, што пераважаюць у сучасным свеце (222-224).
Смяротнае пакаранне павінны быць адменена ва ўсім свеце
Сёмы раздзел – “Маршруты новай сустрэчы” – утрымлівае разважанні Папы адносна каштоўнасці міру – “рамяства”, у якім кожны павінен браць удзел (227-232). З ім цесна звязана прабачэнне: Папа нагадвае, што трэба любіць усіх без выключэння. Пры гэтым любіць прыгнятальніка – значыць дапамагчы яму перамяніцца і не дапускаць далейшага ўціску бліжніх (241-242). Прабачэнне не значыць беспакаранасць; гэта справядлівасць і памяць, таму што прабачыць не значыць забыць, але адмовіцца ад разбуральнай моцы зла і помсты. У сувязі з гэтым Святы Айцец заклікае памятаць памылкі Халакосту, атамных бамбардзіровак Хірасімы і Нагасакі, расавага пераследу і масавых забойстваў, бо гэта дазваляе падтрымліваць жывым агонь калектыўнай свядомасці. Нельга забываць і пра атрыманае дабро (246-252).
Міру Францішак супрацьпастаўляе вайну – “пастаянную пагрозу”, увасабленне “адмаўлення ўсіх правоў”, “заняпаду палітыкі і чалавецтва”, “ганебнай капітуляцыі перад сіламі зла”. Папа падкрэслівае, што сёння ядзерная, хімічная і біялагічная зброя паражае мноства нявінных людзей, таму больш немагчыма нават думаць пра “справядлівую вайну”: ад вайны трэба рашуча адмовіцца. Абсалютная ліквідацыя ядзернай зброі з’яўляецца “маральным і гуманітарным імператывам”. Сродкі, якія выдаткоўваюцца на ўзбраенне, лепш накіраваць на заснаванне Сусветнага фонду барацьбы з беднасцю (255-262). Пантыфік адназначна выказваецца наконт смяротнага пакарання: яно непрымальна і павінны быць адменена ва ўсім свеце (263-269). Адначасова ён нагадвае пра неабходнасць паважаць “святасць жыцця” (283), улічваючы, што сёння асобныя катэгорыі чалавецтва – ненароджаныя, бедныя, непаўнаспраўныя, састарэлыя – “здаецца, успрымаюцца прыдатнымі для прынясення ў ахвяру” (18).
Шлях міру паміж рэлігіямі магчымы
У апошнім, восьмым раздзеле – “Рэлігіі на службе братэрству ў свеце” – Папа закранае праблему тэрарызму, сцвярджаючы, што яна абумоўлена не рэлігіяй, а памылковымі інтэрпрэтацыямі рэлігійных тэкстаў, а таксама палітыкай голаду, беднасці, несправядлівасці, прыгнёту (282-283). Францішак выказвае перакананне, што шлях міру паміж рэлігіямі магчымы. Для гэтага неабходна забяспечыць рэлігійную свабоду – фундаментальнае права ўсіх веруючых людзей (279). Энцыкліка ўтрымлівае разважанні адносна ролі Касцёла: яна не адсоўвае сваю місію ў сферу прыватнага і, хоць не займаецца палітыкай, аднак не адмаўляе палітычнага вымярэння жыцця, надае ўвагу ўсеагульнаму дабру, клопату пра ўсебаковае развіццё чалавека згодна з прынцыпамі Евангелля (276-278).
Нарэшце, Францішак цытуе “Дэкларацыю аб братэрстве паміж людзьмі, міры ў свеце і агульным суіснаванні”, падпісаную 4 лютага 2019 г. у Абу-Дабі, заклікаючы, каб у імя чалавечага братэрства міжрэлігійны дыялог быў прыняты за шлях, супрацоўніцтва – за стыль паводзін, узаемнае пазнанне – за метад і крытэрый дзейнасці (285).