Папа: настаў час пакласці канец варожасці ў Лівіі
Францішак заклікаў да дыялогу і аднаўлення стабільнасці ў Лівіі. Адмысловы заклік ён скіраваў падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, якая 18 кастрычніка 2020 г. прайшла ў Ватыкане.
У першую чаргу Пантыфік выказаў словы падтрымкі 18-ці італьянскім рыбакам, якія больш за месяц таму былі затрыманы ў Лівіі берагавой аховай і ўтрымліваюцца ў няволі. У гэтым кантэксце ён заклікаў да вырашэння драматычнай сітуацыі ў гэтай паўночнаафрыканскай краіне.
“Малюся за розныя перамовы, якія адбываюцца на міжнародным узроўні, каб яны мелі значэнне для будучыні Лівіі. Браты і сёстры, настаў час пакласці канец усім формам варожасці, спрыяць дыялогу, які прывядзе да міру, стабільнасці і еднасці краіны”, - сказаў Папа.
Напрыканцы звароту Францішак заклікаў прысутных на плошчы св. Пятра вернікаў у цішыні памаліцца за затрыманых рыбакоў і за мір у Лівіі.
18 кастрычніка 2020, 13:25