Святы Айцец пра ролю жанчын у будаванні дыялогу і міру
Святы Айцец скіраваў пасланне з нагоды пачатку семінара, у рамках якога члены ватыканскага жаночага дарадчага органа будуць разважаць над трыма дакументамі: Апостальскай адгартацыяй “Evangelii gaudium”, энцыклікай “Laudato si’” і Дакументам аб братэрстве, падпісаным у 2019 г. у Абу-Дабі.
Папа звярнуў увагу на “цудоўную навіну”, якой Рада з’яўляецца для Рымскай курыі. Упершыню ў рамках дыкастэрыі Святога Пасаду ўзнікла група жанчын, якія сталі галоўнымі дзеючымі асобамі яе праектаў і культурных ініцыятыў, - заўважыў Святы Айцец.
Францішак падкрэсліў, што члены Рады прадстаўляюць розныя сектары грамадскага жыцця, розныя культурныя і рэлігійныя погляды, але разам працуюць дзеля адзінай мэтай з павагай адно да аднаго. Гэта адзінства ў разнастайнасці з’яўляецца багаццем, - дадаў ён.
Пантыфік звярнуў увагу на тое, што семінар Жаночай рады праходзіць пад знакам св. Хільдэгарды з Бінгена, якая ў 2012 г. была абвешчана Доктарам Касцёла. Ён нагадаў, што гэта святая “зламала схемы свайго часу, якія перашкаджалі жанчынам вучыцца і ўваходзіць у бібліятэку”. Яна вучылася музыцы і спеву, пісала музыку, якая была для яе не толькі мастацтвам ці навукай, але таксама літургіяй.
Святы Айцец падкрэсліў, што па прыкладзе гэтай жанчыны члены дарадчага органа пры Папскай рады па культуры прагнуць будаваць дыялог паміж інтэлектам і духоўнасцю, адзінствам і разнастайнасцю, музыкай і літургіяй. Ён заўважыў, што голас жанчын вельмі патрэбны ў нашым хворым свеце, які прагне міру і аднаўлення.