Пантыфік: сумленнасць, празрыстасць і прыбытак – сумяшчальныя
Хрысціянская думка выступае не супраць прыбытку, а супраць прыбытку любой цаной, які зводзіць чалавека да ўзроўню рэчаў, - звярнуў увагу кіраўніцтва і супрацоўнікаў банка Cassa Depositi e Prestiti Францішак, прымаючы іх 5 кастрычніка 2020 г. у Ватыкане. Інвестыцыйная ўстанова адзначае сёлета сваё 170-годдзе.
Спасылаючыся на задачы, пастаўленыя перад банкам падчас яго рэарганізацыі, калі краіне неабходны пастаянныя інвестыцыі, мадэрнізацыя, падтрымка мясцовых структур, прафесійная адукацыя і вытворчасць, Святы Айцец адзначыў, што гэтыя напрамкі развіцця ўсё яшчэ патрабуюць увагі. Дастаткова ўзгадаць праблемы, якія выклікала пандэмія ў сферах вытворчасці, спажывання і продажу, што пагражае канцэнтрацыі абмену і гандлю ў руках буйных сусветных гульцоў.
Паводле Францішка, для вядзення бізнесу заўсёды патрэбныя “сумленныя і празрыстыя паводзіны, якія не паддаюцца карупцыі”, “і ў галіне эканомікі і фінансаў сумленныя намеры, празрыстасць і клопат пра добрыя вынікі сумяшчальныя і ніколі не павінны раздзяляцца”.
Звяртаючыся да прадстаўнікоў адной з самых буйных банкаўскіх устаноў Італіі, Папа нагадаў, што ў сваёй працы яны закліканы старанна развіваць адносіны з структурамі, якія просяць дапамогі і падтрымкі.
“Такая ўстанова, як ваша, можа даць канкрэтныя доказы салідарнасці, дапамагаючы аднавіць рэальную эканоміку як махавік для развіцця людзей, сем’яў і грамадства ў цэлым”, - сказаў Пантыфік, адзначыўшы, што гэта таксама можа суправаджацца развіццём краіны і служэннем агульнаму дабру.