Францішак: адказаць братэрствам на культуру адчужэння
Святы Айцец заўважыў, што пандэмія змяняе свет і правакуе крызісную сітуацыю, выйсці з якой можна будзе горшымі ці лепшымі. “Усё залежыць ад рашэнняў, якія будзем прымаць падчас крызісу”, - падкрэсліў ён.
На думку Папы важна перастаць думаць толькі пра сябе і наша актуальнае жыццё. Трэба глядзець у будучыню, узяць на сябе цяжар адказнасці і пачаць клапаціцца пра людзей, якія прыйдуць пасля нас. Паводле Святога Айца, гэта “культура, якую мы павінны распрацаваць падчас пандэміі”.
Папа перакананы, што ў цяперашні час ёсць шмат людзей з простай, штодзённай святасцю, якія знаходзяцца сярод нас і прыходзяць на дапамогу патрабуючым. Гэтыя людзі не пажадалі “уцякаць”, але адказвалі на праблемы і шукаюць мірныя рашэнні.
Святы Айцец нагадаў, што абарона жыцця не тычыцца толькі тэм, звязаных з аховай здароўя. Ён заклікаў дапамагаць людзям, якія былі адрынуты сістэмай, пазбаўлены працы. Мы знаходзімся перад абліччам вялікага сацыяльнага выкліку, - дадаў ён.
“Пандэмія паказала нам наколькі мы прызвычаіліся да атмасферы адчужэння: на ўзбочыну спіхваюцца пажылыя людзі, бедныя, дзеці, ненароджаныя… Жыццё кожнага чалавека заслугоўвае таго, каб быць абароненым і шанаваным”, - нагадаў Францішак.
Братэрства – гэта ключ для будавання будучыні, - сцвердзіў Папа. Яно павінна знайсці адлюстраванне ў размеркаванні вакцыны ад каронавіруса, якая не павінна належаць толькі адной краіне, лабораторыі ці групе дзяржаў, а стаць набыткам усяго чалавецтва, бо “здароўе нашых народаў, як вучыць пандэмія, гэта супольная спадчына, яно належыць да агульнага дабра”, - перакананы Пантыфік.
Спасылаючыся на 500-годдзе навяртання св. Ігнацыя Лаёлы, Пантыфік выказаў жаданне наведаць іспанскі горад Мансэра, дзе заснавальнік езуітаў пачаў свой шлях хрысціянскага жыцця.