Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: падчас пандэміі гаворка ідзе пра выжыванне бедных

Святы Айцец скіраваў пасланне да ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння Папскай акадэміі навук, якое праходзіць з 7 па 9 кастрычніка 2020 г. у Ватыкане на тэму: “Навука і выжыванне”.

Пантыфік падкрэсліў актуальнасць пытанняў, на якіх засяродзіліся навукоўцы, асабліва ў кантэксце пандэміі каронавіруса. Ён нагадаў, што навука павінна служыць здароўю людзей, а для гэтага неабходна супрацоўніцтва паміж даследчыкамі з розных частак свету. Паводле Папы, “няздольнасць краін працаваць разам” робіць больш складаным вырашэнне праблем, якія тычацца ўсіх.

Францішак звярнуў увагу на той факт, што каронавірус нанёс удар не толькі па здароўю людзей, але таксама па сацыяльнай, эканамічнай і духоўнай сферах, паралізаваўшы “адносіны, працу, камерцыю”, і нават многія віды “дзейнасці, якія тычацца духоўнасці”. Гаворка ідзе пра “глабальны сацыяльны крызіс”, галоўнымі ахвярамі якога сталі бедныя. У адносінах да іх можна казаць пра праблему выжывання, - падкрэсліў Святы Айцец.

Папа зазначыў, што дзяржаўныя ўлады павінны працаваць над справядлівымі рашэннямі актуальных выклікаў. У першую чаргу яны павінны тычыцца стварэння “больш інклюзіўнай сістэмы аховы здароўя”, а таксама справядлівага доступу да вакцыны, калі яна з’явіцца.

Спасылаючыся на сваю новую сацыяльную энцыкліку “Fratelli tutti”, Пантыфік пажадаў, каб навуковаму і тэхналагічнаму прагрэсу спадарожнічалі роўнасць, братэрскія адносіны і сацыяльная інклюзіўнасць.

Францішак нагадаў навукоўцам, што яны маюць вялікую маральную адказнасць за тое, што адбываецца ў фізічных і біялагічных лабараторыях. Ён звярнуў увагу на неабходнасць спынення вытворчасці і выкарыстання ядзерных узбраенняў, а таксама “развіцця біялагічнай зброі”, якая мае катастрафічны патэнцыял.
 

08 кастрычніка 2020, 10:38