Святы Айцец падзяліўся марамі аб будучыні Еўропы
27 кастрычніка 2020 г. Пантыфік скіраваў ліст да кардынала П’етра Параліна з нагоды 50-годдзя з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Апостальскай Сталіцай і структурамі Еўрапейскага Саюза; 50-годдзя прысутнасці Святога Пасаду ў якасці назіральніка ў Савеце Еўропы; 40-годдзя з дня заснавання Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE) і 70-годдзя так званай Дэкларацыі Шумана, якая дала пачатак інтэграцыі на еўрапейскім кантыненце пасля Другой сусветнай вайны.
Францішак заўважыў, што пандэмія, ставіць еўрапейскую супольнасць перад выбарам: працягваць ісці шляхам пашырэння неразумення, спрэчак і канфліктаў або адкрыць нанова шлях братэрства, які натхняў айцоў-заснавальнікаў Еўрасаюза. Папа пажадаў, каб Еўропа чэрпала натхненне са сваёй шматвяковай гісторыі і памятала пра важнасць праўды, справядлівасці і хрысціянскай веры.
, - сцвердзіў Святы Айцец.
Паводле Пантыфіка, “еўрапейская самабытнасць заключаецца ў першую чаргу ў яе канцэпцыі чалавека і рэчаіснасці; у яе здольнасці да прадпрымальнасці і салідарнасці, якія праяўляюцца ў дзейнасці”.
Францішак прызнаўся, што марыць пра Еўропу, сяброўскую ў адносінах да чалавека, паважлівую да чалавечай годнасці, дзе асоба з’яўляецца каштоўнасцю, а не аб’ектам эканамічнага разліку ці таварам. Ён марыць, каб у Еўропе чалавечае жыццё паважалася на ўсіх яго этапах. “Мару пра Еўропу, якая будзе сям’ёй і супольнасцю... Мару пра Еўропу салідарную і велікадушную”, - падкрэсліў Пантыфік.
Францішак выказаўся ў падтрымку “здаровай свецкасці” ў Еўропе, у якой будзе існаваць раздзяленне паміж Богам і Цэзарам, а не іх супрацьпастаўленне; у якой будзе існаваць адкрытасць на трансцэндэнтную рэчаіснасць, а вернікі будуць мець магчымасць публічна вызнаваць сваю веру і прапаноўваць грамадству свой пункт гледжання. Ён заклікаў хрысціян з адвагай і рашучасцю рабіць уклад у кожным асяроддзі, у якім жывуць і працуюць.
Святы Айцец папрасіў кардынала П’етра Параліна падзяліцца гэтымі думкамі з кіраўнікамі ЕС, Савета Еўропы і COMECE, з якімі іерарх сустрэнецца ў бліжэйшыя дні.