Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец заклікае маліцца за місіянераў і катэхетаў

Папа нагадаў, што 18 кастрычніка 2020 г. у Каталіцкім Касцёле адзначаецца Сусветны дзень місій. Яго сёлетняя тэма: “Вось я, пайшлі мяне (Іс 6,8). Ткачы братэрства”.

“Кожны хрысціянін пакліканы быць “ткачом” братэрства. Асаблівым чынам такімі з’яўляюцца місіянеры – святары, свецкія вернікі, кансэкраваныя асобы, – якія сеюць Евангелле на вялікім полі свету. Будзем маліцца за іх і аказваць ім нашу канкрэтную падтрымку”, - заклікаў Папа.

У гэтым кантэксце Святы Айцец падзякаваў Богу за доўгачаканае вызваленне кс. П’ерлуіджы Макалі, місіянера, выкрадзенага ў верасні 2018 г. групай узброеных людзей ля мяжы паміж Нігерам і Буркіна-Фасо.

“Мы радуемся, бо разам з ім былі вызвалены тры іншыя заложнікі. Будзем працягваць маліцца за місіянераў і катэхетаў, таксама за тых, хто падвяргаецца пераследу і быў выкрадзены ў розных частках свету”, - сказаў Пантыфік.

Сусветны дзень місій адзначаецца кожны год у трэцюю нядзелю кастрычніка. Ён быў устаноўлены ў 1926 г. папам Піем ХІ. У спецыяльным пасланні на сёлетнюю ўрачыстасць Францішак адзначыў, што пакліканне да місіі – гэта запрашэнне выйсці з уласнай замкнёнасці дзеля любові да Бога і да бліжняга, гатоўнасць быць пасланымі па прыкладзе Езуса Хрыста. “Бог працягвае шукаць, каго паслаць у свет і да народаў, каб сведчыць пра сваю любоў, пра выбаўленне ад граху і смерці і вызваленне ад зла”, - нагадаў Святы Айцец.
 

18 кастрычніка 2020, 12:47