Пошук

Папа падчас св. Імшы ў Сусветны дзень бедных Папа падчас св. Імшы ў Сусветны дзень бедных 

Францішак: бедныя даюць нам вечны прыбытак

Самая вялікая беднасць, якую трэба пераадолець, – гэта наша беднасць у любові, - сказаў Папа падчас св. Імшы, якую 15 лістапада 2020 г. цэлебраваў у базыліцы св. Пятра ў IV Сусветны дзень бедных.

З прычыны абмежаванняў, звязаных з барацьбой з каронавірусам, у Эўхарыстыі ўдзельнічалі толькі сто чалавек, якія прадстаўлялі рымскіх бедных. Бяздомныя чыталі фрагменты Святога Пісання падчас Літургіі слова.

Пандэмія стала прычынай адмены традыцыйнага абеду Пантыфіка з людзьмі, якія знаходзяцца ў патрэбе, у ватыканскай Зале Паўла VI. У мінулым годзе на яго былі запрошаны 1,5 тыс. чалавек.

У сваёй гаміліі Францішак пракаментаваў прыпавесць пра таланты. Ён падкрэсліў, што кожны з нас “уладальнік вялікага багацця, якое залежыць не ад таго, чым мы валодаем, а ад таго, што мы ёсць: ад жыцця, якое мы атрымалі, ад дабра ў нас, ад неадольнай прыгажосці, якую Бог даў нам, таму што мы створаны на Яго вобраз, кожны з нас каштоўны ў Яго вачах, унікальны і незаменны ў гісторыі”.

Папа дадаў, што варта памятаць пра гэта, таму што “занадта часта, калі мы глядзім на сваё жыццё, бачым толькі тое, чаго нам не хапае”, а потым “забываем пра свае таленты”. Бог “даверыў іх нам, бо ведае кожнага з нас і ведае, на што мы здольныя. Ён давярае нам, нягледзячы на нашы слабыя бакі”. “Пан просіць нас выкарыстоўваць сёння, не сумуючы па мінулым, але актыўна чакаючы Яго вяртання”, - сказаў Святы Айцец. Ён звярнуў увагу на тое, што таленты чалавека прыносяць плён і надаюць сэнс жыццю дзякуючы служэнню.

“Добрыя слугі ў Евангеллі – гэта тыя, хто рызыкуе. Яны не галантныя і асцярожныя, не хаваюць таго, што атрымалі, але выкарыстоўваюць гэта. Таму што дабро, калі яго не інвеставаць, губляецца. Паколькі наша жыццё вымяраецца не тым, колькі мы адкладаем, а тым, колькі плёну прыносім”

, - падкрэсліў Папа.

Каб быць верным слугой Бога, мы павінны “ахвяраваць жыццём”, дазваляючы “служэнню мяняць нашы планы”. “Сумна, калі хрысціянін займае абаронную пазіцыю, прытрымліваючыся толькі правілаў і загадаў. Гэтага недастаткова, вернасць Езусу заключаецца не толькі ў недапушчэнні памылак”, - папярэдзіў Францішак. Ён прывёў прыклад евангельскага слугі, які, “пазбаўлены ініцыятывы і творчасці, хаваецца за марным страхам і закопвае атрыманы талант”.

Езус называе такога слугу нягодным, хаця той “нічога злога не зрабіў”. Але ён таксама не зрабіў нічога добрага, “палічыў за лепшае зграшыць занядбаннем, чым рызыкнуць памыліцца”, і зрабіў перад Богам “найгоршую правіну: вярнуў атрыманыя дары”.

“Сёння, у гэтыя часы няўпэўненасці і крохкасці, не будзем марнаваць жыццё, думаючы толькі пра сябе”

, - заклікаў Святы Айцец.

Адказваючы на пытанне, як служыць паводле Божай волі, Папа спаслаўся на прыпавесць, у якой гаспадар тлумачыць гэта нягоднаму слузе: “Трэба было табе аддаць срэбра маё банкірам, а я, прыйшоўшы, атрымаў бы сваё з выгадай”. “Хто для нас гэтыя “банкіры”, якія могуць забяспечыць нам пастаянны прыбытак? Бедныя – яны даюць нам вечны прыбытак і ўжо зараз дазваляюць узбагачацца любоўю. Бо самая вялікая беднасць, якую трэба пераадолець, – гэта наша беднасць у любові. (...) Давайце тым, хто мае патрэбу, замест таго, каб патрабаваць таго, чаго вам не хапае: так вы памножыце свае таленты”, - аргументаваў Францішак.

Папа падкрэсліў, што ў канцы нашага жыцця з’явіцца рэальнасць, дзе поспех, улада і грошы, якія надаюць сэнс зямному існаванню, знікнуць, “а любоў, тое, што мы далі, паўстане як сапраўднае багацце”. Ён падзякаваў шматлікім “верным слугам Божым, якія не кажуць пра сябе, але так жывуць”.

Сусветны дзень бедных адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле ў XXXIII Звычайную нядзелю. Ён быў устаноўлены папам Францішкам у лістападзе 2016 г., напрыканцы Надзвычайнага Юбілейнага Года Міласэрнасці.
 

15 лістапада 2020, 12:03